Серж Саргсян падаў у адстаўку (абноўлена)



Серж Саргсян падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра Арменіі, паведамляе news.am.

У заяве Саргсян указаў, што апошні раз звяртаецца да грамадзян як кіраўнік дзяржавы.

„Нікол Пашынян меў рацыю. Я памыліўся. У сітуацыі, якая склалася, ёсць некалькі рашэнняў, але не на адно з іх я не пайду. Гэта не маё. Я пакідаю пасаду кіраўніка нашай краіны”.

„Вуліца супраць майго прызначэння. І я выконваю ваша патрабаванне”, — паведаміў ён.

У Арменіі працягваюцца антыўрадавыя пратэсты. Цяпер да масавых акцый супраць Сержа Саргсяна і цяпершаняй сістэмы ўлады далучыліся дзейныя вайскоўцы і ветэраны вайны ў Нагорным Карабаху. Яны сталі на чале калоны дэманстрантаў, каб абараняць іх ад пастаянных правакацый і нападаў паліцыі.

Пры гэтым вядома, што шмат вайскоўцаў самавольна пакінулі свае вайсковыя часткі, каб далучыцца да пратэстаў. Міністэрства абароны Арменіі папярэдзіла іх пра адказнасць, але вайскоўцы працягваюць пратэставаць на ерэванскіх вуліцах.

Паліцыя затрымлівае дэманстрантаў, але большасць з іх выходзіць на волю. Ужо суткі ў камеры знаходзіцца кіраўнік партыі “Елк” Нікол Пашынян, які стаіць на чале пратэстаў.

Пратэсты пачаліся пасля таго, як Серж Саргсян, які адбыў два прэзідэнцкія тэрміны, быў зацверджаны парламентам у якасці прэм’ер-міністра, які якраз цяпер паводле зменаў у Канстытуцыю стаў галоўнай асобай дзяржавы.

* * *

21.22. Дэманстранты перакрылі рух у сяле Баграташэн, дзе знаходзіцца адзін з трох кантрольна-прапускных пунктаў на армяна-грузінскай мяжы і ёсць найбольш ажыўленым, бо знаходзіцца на трасе Ерэван-Тбілісі, паведамляе Sputnik Арменія.

Паводле ацэнаў відавочцаў, колькасць пратэстоўцаў у цэнтры Ерэвана на 21-ю гадзіну перавысіла 100 тысяч чалавек. Фігуруе і лічба 160 тысяч.

Паводле звестак на вечар нядзелі паліцыяй затрымана 277 чалавек. Пра гэта паведаміў начальнік аддзелу сувязі, аналіза і СМІ паліцыі Арменіі Эдгар Джанаян. 

***

На акцыі пратэсту апазіцыі супраць абрання былога прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна на пасаду прэм’ер-міністра ў Ерэване ў паліцыю дастаўлена 192 чалавекі. Пра гэта паведамляе агенцтва News.am, якое спасылаецца на прэс-службу паліцыі Арменіі.

Паліцыя ўжыла сілу супраць удзельнікаў апазіцыйнага шэсця на вуліцы Арцаха.

Прэс-сакратар паліцыі Арменіі Ашот Агаранян заявіў ТАСС, што, па дадзеных на 16:00, у паліцыю было дастаўлена 228 падазраваных у розных правапарушэннях.

Выданне Aysor са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя рэспублікі паведамляе, што ў выніку разгону пратэстоўцаў у Ерэване шпіталізаваныя сем чалавек.

[Not a valid template]

Падчас шэсця пратэснага руху супраць прэм’ерства экс-прэзідэнта Сержа Саргсяна быў затрыманы лідар руху, дэпутат Нацыянальнага сходу Арменіі Нікол Пашынян, паведамляе azatutyun.am.

Калі шэсце на чале з Пашынянам, які накіроўваўся ў адміністратыўны раён Эрэбуні, дайшло да вуліцы Арцаха, на шляху шэсця ўстаў паліцэйскі кардон у шлемах і са шчытамі. Дэманстранты паспрабавалі прарваць паліцэйскае ачапленне, паміж імі і сіламі паліцыі адбылося сутыкненне. Паліцыя ўжыла шумавыя гранаты для стрымлівання разгневаных сілавымі дзеяннямі дэманстрантаў. Праваахоўнікі ўвялі Нікола Пашыняна.

Затым паліцыянты пачалі разгон дэманстрацыі, з ужываннем сілы яны затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі.

Быў затрыманы таксама іншы апазіцыйны дэпутат Сасун Мікаелян пасля таго, як ён звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу з заклікам не баяцца і не разыходзіцца. «Серж Саргсян выставіў ультыматум нашай свабодзе», – заявіў Мікаелян.

На дадзены момант ёсць адзін пацярпелы, яго павезлі на машыне «хуткай дапамогі».

Фота dailysentinel.com