У Эстоніі на парламенцкіх выбарах перамагла Партыя рэформ



У Эстоніі завяршыліся выбары ў парламент. У змаганні за мандаты ў 101-мясцовым заканадаўчым органе ўдзельнічалі 10 партый і 15 незалежных кандыдатаў.

Па выніках электроннага галасавання перамагла Партыя рэформ. Яна набрала больш 29% галасоў, так як і прагназавалася.  У партыі зараз будзе 34 ці 35 мандатаў, што на 4-5 больш, чым раней.

У праграме гэтай партыі перавод на эстонскую мову школаў нацыянальных меншасцяў. Партыя рэформ уключыла ў сваю праграму патрабаванне „адзіных паводзінаў Еўразвязу ў дачыненнях з Расеяй”. Пад гэтым „рэфармісты” разумеюць падтрымку антырасейскіх санкцый усімі краінамі ЕЗ. Лідар партыі Тааві Рыйвас яшчэ ў 2015 годзе заявіў на партыйным з’ездзе, што трэба зрабіць усё, каб падтрымаць Украіну ў яе абароне ад Расеі.

Паводле звестак цэнтральнай выбарчай камісіі Эстоніі другое месца заняла кіроўная Цэнтрысцкая партыя. Яна набрала менш адсоткаў, чым прагназавалася.

Кансерватыўная Народная партыя заняла трэцяе месца. Гэта найбольш радыкальная сіла, якая набрала рост, але наўрад ці ўвойдзе з іншай партыяй у кааліцыю.

Паводле папярэдніх звестак яшчэ тры партыі змаглі адолець 5% бар’ер – гэта „Бацькаўшчына”, Сацыял-дэмакратычная партыя  і „Эстонія 200”. Іншыя партыі ў парламент не трапілі.

Прагаласавала на выбарах усяго каля 60% грамадзян, якія мелі на гэта права. Сур’ёзных парушэнняў зафіксавана не было. Толькі былы прэзідэнт Эстоніі Хендрык Ілвес абурыўся, што вынікі электроннага галасавання не былі даступныя адразу пасля закрыцця выбарчых дзяльніц. 

Аналітыкі адзначаюць, што ў кожным разе не даводзіцца чакаць рэзкай змены знешнепалітычнага курсу і іншай, унутранай палітыкі, у краіне.

Эстонія – першая ў свеце краіна, якая стварыла агульнанацыянальную сістэму галасавання праз інтэрнэт.

Беларускае Радыё Рацыя