У Еўрапарламенце абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі



Праінфармаваць еўрапейскіх калегаў і знайсці адэкватныя рычагі ўплыву. Група беларускіх палітыкаў сустракалася з дэпутатамі Еўрапарламента. Сярод важнейшых тэмаў: сітуацыя ў Беларусі пасля парламенцкіх выбараў і перад прэзідэнцкай кампаніяй. А таксама будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі, якая непакоіць Еўропу. Пра гэта ў нашым эфіры сказаў адзін з удзельнікаў еўрапейскіх сустрэч – нацыянальны каардынатар кампаніі “Права выбару” Алесь Сілкоў. Паводле яго, на першым месцы – так званая беларуска-расейская інтэграцыя:

– Беларусь, ёсць такое адчуванне, што гэта Terra incognita для еўрапарламентарыяў. Яны хочуць разабрацца, што за сітуацыя ў Беларусі зараз. Па-другое, іх хвалююць дзве велізарныя праблемы. Першая – гэта праблема Саюзнай дзяржавы. Іх цікавіла, як да гэтага адносіцца насельніцтва. І другое вельмі важнае пытанне – гэта Астравец. Гэта вельмі жорсткае пытанне асабліва для літоўскіх парламентарыяў, якія абмяркоўвалі што гэта, навошта гэта трэба Беларусі і што будзе далей.

Беларусь прадстаўлялі таксама: дырэктар Цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця “Еўрапейскі дыялог”  Анатоль Лябедзька, сябра грамадскага аб’яднання “Экадом” Ірына Сухій і кіраўніца грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Вольга Карач.. 

Беларусь – гэта дом у еўрапейскім квартале. Пра гэта еўрадэпутатам прыгадалі беларускія палітыкі. Два прынцыповых пытанні, якія павінна агучваць Еўропа: адкрытыя і чэсныя выбары, а таксама незалежнасць, нагадвае дырэктар Цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця „Еўрапейскі дыялог”, экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, які ўдзельнічаў ў сустрэчы, што зладзіў Еўрапарламент:

– Для нас было вельмі важна сказаць яшчэ раз, што Беларусь – гэта дом у еўрапейскім квартале, што мы суседзі. І нам неабыякава, што праз плот ад нас адбываецца, і вам не мусіць быць абыякава. І самае галоўнае – зараз ідзе змаганне за прыярытэты, што зараз галоўнае ў Беларусі для міжнароднай супольнасці. І мы адным голасам казалі, што гэта свабодныя, сумленныя выбары па стандартах АБСЕ і незалежная Беларусь.

Паводле палітыка, еўрапейцаў таксама цікавіць сітуацыя вакол будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі, асабліва Літву, бо гэта краіна знаходзіцца вельмі блізка.

Сустрэчу ў Еўрапарламенце ў фармаце круглага стала ініцыяваў пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус, дэпутат з Літвы. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 30 чалавек, у тым ліку еўрапейскія парламентарыі і прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх сувязяў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя