У Еўрапарламенце абмяркуюць сітуацыю з незалежнымі СМІ ў Беларусі
У Еўрапарламенце 12 ліпеня пройдзе абмеркаванне сітуацыі з незалежнымі СМІ ў Беларусі. Як паведамляе прэс-служба Еўрапарламента, удзел у дыскусіі прымуць еўрадэпутаты, запрошаныя эксперты, у тым ліку з Беларусі.
Гэта абмеркаванне пройдзе ў рамках створанай Еўрапарламентам платформы па барацьбе з беспакаранасцю ў Беларусі. Платформа была запушчаная 26 сакавіка членамі падкамітэта ЕП па правах чалавека, камітэта па замежных справах, дэлегацыяй ЕП па сувязях з Беларуссю і Парламенцкай асамблеяй Усходняга партнёрства (Еўранест) для рэгулярнага агляду сітуацыі ў Беларусі і абмеркавання захадаў па аказанні дапамогі.
На сустрэчы 12 ліпеня плануецца абмеркаваць сітуацыю, у якой апынуліся беларускія незалежныя СМІ і журналісты, а таксама якую аператыўную і доўгатэрміновую стратэгічную падтрымку ЕС і міжнародная супольнасць могуць аказаць беларускім недзяржаўным СМІ і журналістам-расследавальнікам.
Сярод удзельнікаў сустрэчы заяўленыя спецдакладчык ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду думак і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбейра, адзін з кіраўнікоў праваабарончай арганізацыі „Рэпарцёры без межаў” Антуан Бернард, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці.
За апошнія некалькі дзён у Беларусі прайшлі вобшукі ў рэдакцыях і ў журналістаў больш як дзясятка недзяржаўных медыя.
8 і 9 ліпеня ў зоне цікавасці сілавікоў апынуліся „Наша Ніва” (сайт nn.by, часопіс” Наша гісторыя”, Менск), Intex-press (Баранавічы, Брэсцкая вобласць), „Ганцавіцкі час”, „Першы рэгіён” (Ганцавічы, Брэсцкая вобласць), „Информ-прогулка” (Лунінец, Брэсцкая вобласць), Media-Polesye (Пінск, Лунінец), Orsha.eu (Орша, Віцебская вобласць), „Брестская газета”, „Виртуальный Брест”, „Сильные новости” (Гомель), Onliner.by.
8 ліпеня па ўсёй краіне было затрымана не менш за 15 прадстаўнікоў медыясферы і грамадскіх актывістаў, уключаючы чатырох супрацоўнікаў „Нашай Нівы”: галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, рэдактара Андрэя Скурко, галоўнага бухгалтара Вольгу Раковіч і галоўнага рэдактара „Нашай гісторыі” Андрэя Дынько. Марціновіч быў затрыманы на 72 гадзіны па падазрэнні ва ўчыненні злачынства па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Сайт „НН” заблакаваны рашэннем Міністэрства інфармацыі на падставе паведамлення Генпракуратуры.
9 ліпеня інфармацыя пра затрыманні журналістаў не паступала, аднак, як і напярэдадні, канфіскоўваліся носьбіты інфармацыі (кампю`тары, тэлефоны).
Намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у эфіры тэлеканала „Беларусь 1” 8 ліпеня паведаміў аб правядзенні „шырокамаштабнай аперацыі па зачыстцы ад радыкальна настроеных асоб”.