У Еўрапарламенце дэбатавалі пра Польшчу (абноўлена)



У Еўрапейскім парламенце 19 студзеня праходзілі дэбаты адносна сітуацыі ў Польшчы.

569decbeec653_o,size,933x0,q,70,h,b410ef

Прыгадаем, што нядаўна Еўракамісія пачала ў дачыненні да Польшчы працэдуру, якая мае ацаніць, наколькі дзяржава прытрымліваецца дэмакратычных механізмаў. Канфлікт звязаны з рашэннямі кіроўнай партыі “Права і справядлівасць”, якія змянілі працу Канстытуцыйнага трыбуналу ды ўнеслі змены ў закон аб дзяржаўных СМІ.

Пасля выступу прэм’ер-міністра Польшчы Беаты Шыдлы, пачаліся выступы еўрадэпутатаў. Некаторыя з іх былі надзвычай вострымі. Роберт Івашкевіч з групы Еўропа вольнасці і непасрэднай дэмакратыі заявіў, што справы Польшчы павінна вырашаць сама Польшча і палякі:

– Гэтыя дэбаты непатрэбныя, матывы іх склікання незразумелыя, а праўныя падставы сумнеўныя. Нягледзячы на ўсё карысць ад гэтых дэбатаў будзе – у Еўропе ўзрастуць еўраскептычныя настроі. Мы, палякі, маем вельмі негатыўны досвед, калі ідзе пра інтэрвенцыю чужых палітыкаў у нашы справы. Калі больш за 200 гадоў таму станам польскай дэмакратыі занепакоіліся Расея, Прусія, Аўстрыя, то гэта закончылася трыма падзеламі Польшчы. Цяпер з братняй дапамогай выступаюць еўрапейскія камісары.

Многія выступы былі яшчэ больш рэзкімі. Так прадстаўнік Народнай партыі ў Еўрапарламенце сказаў наступнае “І мы, і палякі ведаем, што найгоршы аўтарытарызм заўсёды пачынаюцца знутры. Знішчэнне медыяў або судоў можа прывесці да аўтарытарызму”.

beata_shydla_3

(Фота Reuters)

У сваю чаргу прадстаўніца сацыял-дэмакратаў заклікала прэм’ер Шыдлу задумацца над дзеяннямі яе ўраду.

“Гэта беспрэцэдэнтныя дэбаты. Да гэтага часу падобнай працэдуры не было. Працэдуру ацэнкі механізмаў дэмакратыі ў дзяржавах – чальцах Еўразвяза ўвяла Еўракамісія ў 2004 годзе”, – такімі словамі старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц пачаў дэбаты адносна сітуацыі ў Польшчы.

beata_shydla1

(Фота Reuters)

У хуткім часе слова прадаставілі прэм’ер-міністру Польшчы Беаце Шыдла, якая тлумачыла, што тыя змены, якія ўваходзяць у жыццё ў Польшчы, гэта той выбар, які зрабілі ў час апошніх выбараў палякі:

– Польскія грамадзяне хочуць, каб такія змены, якія былі прапанаваныя маім кіруючым лагерам “Права і справядлівасць”, былі прынятыя – гэта рашэнне польскіх грамадзян. Дзякую за тое, што магу сёння тут прамаўляць ад імя польскага ўраду, але перадусім ад імя польскіх грамадзян, для якіх свабода, роўнасць, справядлівасць і суверэннасць з’яўляюцца неадлучнымі каштоўнасцямі.

Беата Шыдла тлумачыла пазіцыю свайго ўраду адносна тых зменаў, якія адбыліся ў працы Канстытуцыйнага трыбуналу і ў выбары суддзяў гэтага трыбуналу. З трыбуны Еўрапарламента яна заклікала да дыялогу:

– Хачу таксама яшчэ раз падкрэсліць, што канфлікт мае палітычны характар, а не мерытарычны, і паводле мяне, павінен быць вырашаны з дапамогай палітычнага паразумення і кампрамісу ў Польшчы. Гэта ўнутраная справа Польшчы і таму мы павінны самі вырашыць гэтае пытанне.

Таксама польская прэм’ер-міністр закранула тэму зменаў у законе аб дзяржаўных СМІ, заявіўшы, што ў дзяржаўных медыях не вытрымліваліся стандарты нейтральнасці і аб’ектыўнасці. Прыгадаю, што цяпер, пасля зменаў, кіраўнікоў дзяржаўных медыяў прызначае ўрад. У радыё і тэлебачанні цяпер адбываюцца карэнныя кадравыя змены.

beata_shydla_2

(Фота PAP)

Перад пачаткам дэбатаў палітыкі выказваліся даволі рэзка. Вось выказванне польскага еўрадэпутата Януша Левандоўскага, прадстаўніка апазіцыйнай у Польшчы “Грамадзянскай платформы”:

– Мы перажывалі ў Еўрапарламенце розныя хвілі – добрыя і дрэнныя. Памятаем радасць, калі парламент апладзіраваў Ежы Бузэку, першаму прэзідэнту з-за “Жалезнай заслоны”, але сёння найгоршы дзень для Польшчы з 2004 года. Дэмакратычная Еўропа разглядае стан вяршынства права ў нашай краіне – гэты лёс падрыхтаваны ўрадам ПіСу. Яны патрабавалі менш за два месяцы, крыніца гэтага ў злоўжыванні ўладай у краіне, што добра бачна ўсёй дэмакратычнай Еўропе.

Іншы еўрадэпутат ад Польшчы Рышард Чарнэцкі, які прадстаўляе партыю “Права і справядлівасць”, выказаў сваё меркаванне наконт дэбатаў журналісту тэлеканала TVP-info:

– Канешне гэтыя дэбаты, як і ранейшыя дэбаты на тэму Венгрыі, не на карысць з пункту гледжання краін, якіх датычаць. Гэтыя дэбаты насамрэч непатрэбныя. Добра, што спадарыня прэм’ер прыехала, бо ёсць шанец, што еўрадэпутаты, чальцы Еўрапейскай камісіі, прэзідэнцыі зразумеюць, як усё насамрэч у Польшчы. А не будуць даведвацца пра гэта з іншай рукі – ад апазіцыі, якая дакладвае тое, што ёй не падабаецца.

У Польшчы улада цяпер належыць адной партыі – “Права і справядлівасць”, якая мае абсалютную большасць як у Сейме, так і ў Сенаце. Акрамя таго, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда – да свайго абрання на пасаду, таксама быў сябрам гэтай партыі.

Еўрадэпутаты абмяркуюць, у прыватнасці, змены ў Канстытуцыйным трыбунале і дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.

У дэбатах прыме ўдзел прэм’ер-міністр Польшчы Беата Шыдла. Перад вылетам у Страсбург кіраўнічка польскага ўраду сказала, што на форуме Еўрапарламента яна будзе імкнуцца перадаць усю інфармацыю пра сітуацыю ў Польшчы. Сёння Шыдла сустрэлася са старшынём Еўрапарламента Марцінам Шульцам і з польскімі еўрадэпутатамі.

CZGHFd0VAAIrID5 (1)

(Фота twitter.com/rozathun)

Як паведамляюць польскія СМІ, некаторыя польскія еўрапарламентарыі ад партыі „Грамадзянская платформа” пакінулі сустрэчу з прэм’ер-міністрам, заявіўшы, што яна не прынясе выніку.

CZGJQ-7U8AQm_8T

Беларускае Радыё Рацыя