У Еўрапарламенце – пасяджэнне рабочай групы па Беларусі



Нягледзячы на серыю выбухаў у Бруселі, у Еўрапарламенце праходзіць пасяджэнне рабочай групы па Беларусі. Чакаецца, што яшчэ сёння прадстаўнікі беларускай апазіцыі возьмуць удзел у пашыраным пасяджэнні камітэта замежных спраў Еўрапарламента, дзе дадуць ацэнку бягучым працэсам беларуска-еўрапейскага ўзаемадзеяння. Выступ беларускіх палітыкаў запланаваны пасля выступлення спецпрадстаўніка ЕЗ па правах чалавека Стаўраса Ламбрынідзіса, які раскажа пра вынікі свайго нядаўняга візіту ў Менск. Пра гэта паведаміў прысутны на паседжанні “Еўранэста” прадстаўнік беларускай дэлегацыі Віталь Рымашэўскі:

– Мы зараз знаходзімся ў будынку Еўрапарламента. У нас ужо пачаліся працоўныя сустрэчы ў межах “Еўранэста”. І зараз якраз праходзіць паседжанне групы па Беларусі.

Тэракты, якія сёння адыліся ў Бруселі, нанеслі шкоду і беларускім інтарэсам. Многія еўрадэпутаты не даехалі з той прычыны, што перакрыты метро і дарогі. Але праца ў Еўрапарламенце працягваецца.

Прадстаўнікі дзевяці беларускіх апазіцыйных структур, у тым ліку Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, руху „За Свабоду”, кампаніі „Гавары праўду”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Партыі БНФ, Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” прымаюць  удзел у мерапрыемствах Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства „Еўранэст”.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя