У Еўрапарламенце прайшлі пашыраныя слуханні па Беларусі 



У Еўрапарламенце прайшлі пашыраныя слуханні па сітуацыі ў Беларусі. Пасяджэнне прайшло з удзелам спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, дакладчыка АБСЕ па Беларусі Вольфганга Бенедэка і эксперта-юрыста Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў Яўгеніі Андраюк.

Падчас слуханняў выступілі чальцы падкамітэту Еўрапарламента па правах чалавека, камітэта па міжнародных адносінах, дэлегацыі па сувязях з Беларуссю, а таксама іншыя еўрадэпутаты.

Прадстаўнік АБСЕ заявіў аб неабходнасці правесці новыя выбары, выпусціць палітвязняў і спыніць гвалт у краіне. Бенедэк заявіў аб неабходнасці стварыць орган незалежнага міжнароднага расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Спецдакладчык ААН звярнула ўвагу на катаванні, пераслед журналістаў і іншыя факты парушэння агульнапрынятых нормаў міжнароднага права ў Беларусі.

Яўгенія Андраюк распавяла парламентарыям і экспертам пра апошнія падзеі ў нашай краіне: затрыманні на Маршы суседзяў і Маршы пенсіянераў, арыштах журналістаў і лекараў, крымінальных і адміністрацыйных працэсах ды катаваннях затрыманых.

Еўрадэпутаты выказаліся аб недастатковасці мер, якія да цяперашняга часу прынялі структуры ЕЗ і яго краіны-ўдзельніцы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. 

Беларускае  Радыё Рацыя