У Еўрапарламенце заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі
Ва ўхваленай справаздачы адзначана, што дэпутаты самым рашучым чынам асуджаюць няспынныя рэпрэсіі і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, якія бесперапынна здзяйсняюцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі супраць уласнага народу, паведамляе svaboda.org.
У Беларусі за кратамі знаходзяцца каля 1500 палітычных зняволеных, у тым ліку юрысты, прафсаюзныя дзеячы, журналісты і праваабаронцы, пішуць аўтары дакладу.
У справаздачы ўтрымліваецца заклік вызваліць усіх неправамерна зняволеных. Таксама ў рэзалюцыі адзначана, што больш за 300 000 беларусаў пакінулі краіну з прычыны рэпрэсій з боку ўладаў.
Чарговы раз заяўлена, што рэжым Лукашэнкі супрацоўнічае з Расеяй у розных сферах, што дэ-факта зрабіла Беларусь сатэлітам Расеі.
«ЕЗ таксама павінен распрацаваць агульную стратэгію захавання незалежнасці Беларусі і пераходу Беларусі да дэмакратыі з удзелам міжнародных інстытутаў, АБСЕ, Рады Еўропы і G7».
Таксама аўтары дакладу Еўрапарламенту заклікаюць Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны. Раней такі ордэр выдалі на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай.
Акрамя таго, у дакладзе адзначаецца ўціск нацыянальных меншасцяў (у прыватнасці, літоўскай і польскай) і нацыянальнай беларускай мовы рэжымам Лукашэнкі.
Справаздачу прадставяць у Еўрапарламент у цэлым для зацвярджэння. Галасаванне на пленарным паседжанні запланаванае на верасень.