У Еўрапарламенце заклікаюць улады Беларусі спыніць рэпрэсіі



У Еўрапарламенце занепакоеныя пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве старшыні дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Роберта Бедраня і пастаяннага дакладчыка ЕС па Беларусі Пятраса Аўштравічуса.

„Мы занепакоеныя пагаршэннем сітуацыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і асуджаем аднаўленне арыштаў і пераследаў кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама іх прыхільнікаў, мірных дэманстрантаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці”, — гаворыцца ў заяве.

У ёй выказваецца глыбокая занепакоенасць „арыштам па загадзе прэзідэнта Лукашэнкі [патэнцыйнага] кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і яго сына Эдуарда, які ўзначальвае яго ініцыятыўную групу”. „Мы таксама былі ўзрушаныя ананімнымі пагрозамі ў адрас [патэнцыйнага] кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і яе дзяцей, запалохваннем і гвалтам у дачыненні да сям’і і паплечнікаў затрыманага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, сталымі пераследамі апазіцыйных дзеячаў, у тым ліку Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца, а таксама масавымі арыштамі ўдзельнікаў мірных і легальных пікетаў па зборы подпісаў па ўсёй краіне”, — гаворыцца ў заяве.

„Мы настойліва заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых асоб, каб спыніць цяперашнюю хвалю рэпрэсій і дазволіць народу Беларусі рэалізаваць сваё права на ўдзел у дэмакратычных выбарах, — падкрэсліваецца ў заяве. — Мы хацелі б працягнуць то супрацоўніцтва, якое развівалася ў апошнія гады, у тым ліку па падтрымцы грамадзян Беларусі і ў рамках Усходняга партнёрства. Аднак беларускія ўлады не даюць нам вялікага выбару: калі нашы заклікі застануцца без увагі, гэта акажа негатыўны ўплыў на развіццё адносін паміж ЕС і Беларуссю”.

19 чэрвеня — у апошні дзень збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты — у розных гарадах Беларусі прайшлі пікеты. Людзі станавіліся ў „жывыя ланцугі” ўздоўж вуліц і праспектаў у знак салідарнасці з затрыманымі актывістамі.

Па ўсёй краіне затрымлівалі ўдзельнікаў акцый, а таксама журналістаў, якія іх асвятлялі.

belapan.by