У ЕЗ адрэагавалі на прысуды Калеснікавай і Знаку
Еўрапейскі Звяз асуджае непавагу да правоў чалавека і асноўных свабод народа Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве спікера Еўрапейскай службы знешніх сувязяў Петэра Стано, апублікаванай 6 верасня.
Заяву выпусцілі ў сувязі з сітуацыяй вакол беларускіх апазіцыянераў Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, якіх суд у Беларусі прысудзіў сёння да 11 і 10 гадоў калоніі адпаведна.
„ЕЗ шкадуе аб абуральнай непавазе менскага рэжыму да правоў чалавека й падставовых свабод народа Беларусі. ЕЗ патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, якіх налічваецца больш за 650 чалавек, у тым ліку Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, а таксама журналістаў і ўсіх людзей, якія апынуліся за кратамі за тое, што карысталіся ўласнымі правамі „, – сказана ў дакуменце.
Асудзіў рашэнне суда ў Беларусі і ўрад Германіі. Як паведаміла „Нямецкая хваля”, афіцыйны прадстаўнік МЗС ФРГ Андрэа Зассэ сказала, што Берлін лічыць гэтыя прысуды „ўвасабленнем жорсткіх дзеянняў, рэпрэсій, запалохвання апазіцыйных палітыкаў і грамадзянскай супольнасці з боку рэжыму Беларусі”.
Фота: Reuters