У ЕЗ зноў выказаліся наконт прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі



Еўразвяз у чарговы раз выступіў супраць прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама заклікаў улады краіны адмовіцца ад сакрэтнасці ў крымінальна-выканаўчай сістэме. У заяве, якая з’явілася на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, адзначаецца, што ад праваабаронцаў стала вядома: сваяку асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Паўлава нядаўна адмовіліся паведаміць пра яго месцазнаходжанне.

„Адмова ў аператыўнай інфармацыі сваякам раней сведчыла пра таемны расстрэл, што практыкуецца аўтарытарным рэжымам у Беларусі”, — падкрэсліваюць у Бруселі.

Тыдзень таму сваячка Віктара Паўлава паведаміла, што ад яго паўтара месяца не было лістоў. Ёй адмовілі ў спатканні і не сталі казаць пра стан брата. У месцы ўтрымання Паўлава адвакату паведамілі, што асуджанага ў гэтай установе няма. У такой сітуацыі сястра Віктара Паўлава і зрабіла выснову, што яго расстралялі, але афіцыйных дакументаў на гэты конт не было, перадае БелаПАН.

Беларускае Радыё Рацыя