У фальсіфікацыі выбараў удзельнічалі каля 100 тысяч чалавек
Вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў 17 лістапада былі сфальсіфікаваныя, а самі выбары не былі свабоднымі і адкрытымі. З такой заявай выступіў прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Паводле партыйных падлікаў, у фальсіфікацыі бралі ўдзел каля 100 тысяч чалавек.
БСДП заяўляе, што ніводзін з партыйцаў не быў уключаны ў тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі. Тыя ж партыйцы, якія трапілі ў акруговыя выбаркамы, не мелі магчымасці ўплываць на працэдуру падліку галасоў. Самі камісіі, кажуць у БСДП, былі створаныя з парушэннем выбарчага заканадаўства.
«Незалежныя назіральнікі, якія здзяйснялі татальны кантроль акруг на ўсіх выбарчых участках, дзе былі кандыдатамі ў дэпутаты сябры БСДП Ганна Канюс і Ігар Барысаў, зафіксавалі адсутнасць яўкі выбарцаў, што сведчыць пра тое, што дэпутаты не былі абраныя, а былі прызначаны дзеючай уладай», – заяўляюць у партыі.
Таксама партыя заклікае міжнародную супольнасць «абмежаваць кантакты з прызначанымі дэпутатамі». Акрамя таго прапануецца не выдаваць візы ў краіны Еўразвяза старшыням, намеснікам старшыняў і сакратарам выбарчых камісіяў, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыях.
Беларускае Радыё Рацыя