У Францыі праходзяць выбары прэзідэнта (абноўлена)



У Францыі а 8-й гадзіне па мясцовым часе адкрылася больш за 66,5 тысяч выбарчых участкаў для правядзення першага тура прэзідэнцкіх выбараў.  

Галасаванне працягнецца да 19 гадзін. Пасля гэтага пачнецца апрацоўка вынікаў, першыя папярэднія дадзеныя з’явяцца а 20-й гадзіне.

На прэзідэнцкіх выбарах 22 красавіка ўжо прагаласавалі заморскія тэрыторыі Францыі. Усяго выбарчым правам валодаюць больш як 46 мільёнаў французаў.

У выбарах удзельнічаюць 11 кандыдатаў. Паводле апошніх апытанняў, у першым туры лідарам хутчэй за ўсё стане былы міністр эканомікі і заснавальнік руху «Наперад!» Эмануэль Макрон (23-24%). У другі тур разам з ім хутчэй за ўсё выйдзе лідарка «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пен (22-23%).

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў паміж двума лідарамі па выніках першага галасавання пройдзе 7 траўня.

* * * 

У нядзелю, 23 красавіка, у Францыі пройдзе першы тур прэзідэнцкіх выбараў. У ім бяруць удзел 11 кандыдатаў: Нікаля Дзюпон-Эньян, Марын Ле Пэн, Эмануэль Макрон, Бенуа Амон, Наталі Арто, Філіп Путу, Жак Шэмінад, Жан Ласаль, Жан-Люк Меланшон, Франсуа Аселіно і Франсуа Фіён.

Найбольшыя шанцы на выхад у другі тур, паводле апытанняў, маюць лідарка ўльтраправага Нацыянальнага фронту Марын Ле Пэн, кансерватар Франсуа Фіён і незалежны кандыдат Эмануэль Макрон.

На выспах Сан-П’ер і Мікелон (яны размешчаны паблізу Канады) галасаванне ўжо пачалося, у Французскай Гвіяне (Паўднёвая Амерыка) выбарчыя дзяльніцы адчыняцца неўзабаве, піша Le Figaro.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters