У Францыі завяршыўся першы тур прэзідэнцкіх выбараў (абноўлена)



На прэзідэнцкіх выбарах у Францыі пасля падліку 97% бюлетэней наперадзе незалежны кандыдат, лідар руху „Францыя на маршы” Эмануэль Макрон. Пра гэта паведамляецца на сайце міністэрства ўнутраных спраў Францыі.

Свае галасы за Макрона аддалі 23,86% выбарцаў (8,5 мільёнаў чалавек). За лідарку ўльтраправай партыі „Нацыянальны фронт” Марын Ле Пэн прагаласавалі 21,43% французаў (7,7 мільёнаў чалавек).

***

У Францыі завяршылася галасаванне ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў у краіне. Паводле даных экзіт-пола, праведзенага французскімі сацыёлагамі, у другі тур выбараў выходзяць незалежны кандыдат Эмануэль Макрон і лідарка ўльтраправых Марын Ле Пэн, паведамляе мясцовае выданне Linternaute.

Паводле папярэдніх звестак Макрон атрымаў 23,7% галасоў выбарцаў, Ле Пэн – 21,7%.

З іншых кандыдатаў Франсуа Фіён і Жан-Люк Меланшон набралі каля 19% галасоў выбарцаў кожны, пра гэта сведчаць даныя экзіт-пола.

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі павінен прайсці 7 траўня. Прэзідэнт гэтай краіны абіраецца наўпроставым галасаваннем грамадзян раз у 5 гадоў. На гэтых выбарах кандыдавала ажно 11 прэтэндэнтаў.

Беларускае Радыё Рацыя