У Гаазе агучылі вырак па справе MH-17



Судзілі чатырох чалавек, якім пагражалі пажыццёвыя тэрміны за наўмыснае знішчэнне самалёта і наўмыснае забойстве ў сувязі з крушэннем пасажырскага малайзійскага „Боінга” рэйсу Амстэрдам — Куала-Лумпур над Данбасам у 2014 годзе. Гаагскі суд прыйшоў да высновы, што рэйс MH-17 быў збіты ракетай з комплексу „Бук”, запушчанай з боку Першамайскага, якое кантралявалі падкантрольныя Расеі сілы з так званай „ДНР”.

Падсуднымі, ніводзін з якіх у суд не з’явіўся, сталі трое грамадзян Расеі: палкоўнік запасу ФСБ Ігар Гіркін (Стралкоў), які меў пасаду „міністра абароны” у так званай „ДНР”; старшы афіцэр ГРУ ў адстаўцы Сяргей Дубінскі;падпалкоўнік запасу ПДВ Алег Пулатаў. Чацвёрты абвінавачаны — грамадзянін Украіны, камандзір выведнага падраздзялення так званай „ДНР” Леанід Харчанка.

​Гіркіна, Дубінскага і Харчанку прызналі вінаватымі. Пулатава​ апраўдалі праз недахоп доказаў.Асуджаныя, акрамя пажыццёвага зняволення, мусяць выплаціць кампенсацыі сем’ям загінулых на суму больш за 16 мільёнаў еўра. Цягам 14 дзён асуджаныя могуць падаць апеляцыю на прысуд.

У крушэнні „Боінга” 17 ліпеня 2014 загінулі ўсе, хто быў на борце — 283 пасажыры і 15 чальцоў экіпажу.