У Гарадзенскай вобласці прайшлі першыя сходы акруговых камісій
На Гарадзеншчыне прайшлі першыя сходы акруговых камісій па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў.
Прадстаўнікі кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” пабывалі на сходах абласной тэрытарыяльнай і акруговых выбарчых камісій. Кажа Віктар Сазонаў, назіральнік па 51-ай Цэнтральнай выбарчай акрузе.
– З апазіцыйных структур, як мы ведаем, вельмі мала ўвайшло ў камісіі. І ў дадзеную камісію ніхто з апазіцыйных структур не трапіў. Большасць у камісіі – людзі, якія нам былі вядомыя і ранней. Яны працавалі на мінулых выбарах і будуць працаваць зараз. І, адпаведна, можна чакаць такія ж самыя вынікі. Гэтыя людзі выбіраліся і зборам подпісаў, і вылучаліся ад сваіх арганізацый, і з “Белай Русі” ёсць, і з Беларускага фонду міра.
Колькасць назіральнікаў невялікая, але дастатковая, каб даць аб’ектыўную ацэнку празрыстасці выбараў і роўных магчымасцяў будучых кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У тым складзе новай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, нават пры адсутнасці прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партыяў, магчымасці выказвання сваёй думкі ёсць. Кажа Раман Юргель, назіральнік у абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Гародні.
– Па сваім досведзе назірання ў папярэдніх камісіях, па-рознаму галасавалі на разглядзе скаргаў, напрыклад, па іншых пытаннях. Быў нехта і супраць. Як зараз будуць галасаваць, мы пабачым. Якая будзе актыўнасць, канкурэнтнасць на гэтых акругах, на гэтых выбарах.
Найбольш гарачы час для акруговых выбарчых камісіяў надыйдзе ў час разгляду заяваў прэтэндэнтаў на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня