У Гародні адбылася сустрэча з даверанымі асобамі Ціханоўскай
На мітынг-сустрэчу з даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай у гарадзенскі Каложскі Парк прыйшло амаль паўтары тысячы чалавек. Гучалі прамовы ад Міколы Саляніка, актывіста і кандыдата пратэсту, ад давераных асобаў Віктара Бабарыкі, а таксама прамаўлялі прадстаўнікі настаўнікаў, пенсіянеры.
Пра сустрэчу кажуць гарадзенцы, што прыйшлі ў Каложскі Парк:
– Пабачыць людзей, якім неабыякава тое, што адбываецца. Папрысутнічаць, бо даўно ўжо сам у гэтым не ўдзельнічаў. Згуртаванасць важная, усё ж такі людзі, калі іх шмат, толькі яны могуць вырашыць свой лёс і далейшае жыццё.
– Праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю. Усё павінна змяніцца.
РР: А якая грамадзянская пазіцыя? Проста прыйсці на мерапрыемства? Ці ў нечым яшчэ? Можа вы там запісаліся ў назіральнікі? Ці ў камісію паспрабавалі патрапіць?
– Не, ведаю, што немагчыма, на жаль.
– Прыйшлі, каб змяніць будучыню нашай краіны, каб дзецям пакінуць сапраўдную Беларусь.
– За свабоду. За сумленныя выбары.
Для большасці прыйшоўшых – гэта сустрэча стала першай сустрэчай з прадстаўнікамі апазіцыйнай кандыдаткі, а сама Святлана Ціханоўская падзякавала ўдзельнікам мітынгу праз гучную сувязь.
Наступная сустрэча з прадстаўнікамі аб’яднанага штабу адбудзецца ў гарадзенскім Румлёўскім парку 25 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча