У Гародні канфіскавалі падпісныя лісты за “Народны рэферэндум”



Сябра кампаніі „Гавары праўду!” Ежы Грыгенчу затрымалі на тры гадзіны ў Ленінскім РАУСе Гародні. У актывіста канфіскавалі таксама падпісныя лісты. Пакуль – без складання пратаколу. Аднаму з жыхароў, да каго завітаў актывіст, змест падпісных лістоў за пытанні „Народнага рэферэндума” падаліся крамольнымі.

47_n

Пра інцыдэнт расказвае каардынатар кампаніі “Гавары праўду” ў Гародні Зміцер Бандарчук:

– Затрымлівалі 10 міліцыянтаў, быццам гэта нейкі страшэнны крымінал. Калі ты ходзіш ад кватэры да кватэры, то каля 70% людзей падпісваецца. Многія адмаўляюць, кажуць, што ім на працы забараняюць падпісвацца. Канешне, ёсць такія людзі, якія нагледзеліся расейскага тэлебачання і ў любых ініцыятывах, якія адбываюцца ў Беларусі, бачаць нейкі Майдан, кроў у Данецку і бежанцаў.

Міліцыянты папрасілі, каб у час правядзення экспертызы зместу падпісных лістоў гарадзенскія актывісты подпісаў не збіралі, маўляў – “а раптам гэта правапарушэнне”. Адной з прычынаў такой рэакцыі міліцыі, на думку Змітра Бандарчука, можа быць тое, што сябры кампаніі паспяхова сабралі ўжо 50 тысячаў подпісаў і перадалі ў Палату прадстаўнікоў Беларусі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: Беларускае Радыё Рацыя