У Гародні не акрэдытавалі назіральніцу ад АГП
Не акрэдытавалі да назірання прадстаўніцу кампаніі „Права выбару” па трыццаць восьмым участку пяцьдзясят першай выбарчай акругі „Гарадзенскай-Цэнтральнай” – Наталлю Більдзюк. Старшыня камісіі не дазволіў назіраць, спаслаўшыся на ўласнае разуменне закона, і не прыняў скаргі ад назіральніцы.
Кажа каардынатар кампаніі „Права выбару” Сяргей Верамеенка:
– Ёй сказалі, што не прымуць накіраванне на ўчастак на той падставе, што няма пячаткі. Але Гарадзенская гарадская арганізацыя АГП дзейнічае без пячаткі на законных падставах. Таму была пададзена скарга, што не прынялі акрэдытацыю. І яшчэ адна скарга, што ад яе не прымалі саму скаргу. То бок, атрымалася такое замкнёнае кола. Я патэлефанаваў у ЦВК.
Цэнтральная выбарчая камісія адказала, што дзеянні старшыні выбарчай камісіі выбарчага ўчастку №38 – незаконныя. Дарэчы, падчас тэлефанавання ў Сяргея Верамеенкі спыталі, ці былі падобныя выпадкі на іншых участках? Кажа Сяргей Верамеенка:
– Трэба дзейнічаць не як на іншых участках, а – па законе. То бок, прымаць накіраванне арганізацыі, якая дзейнічае без пячаткі. З гэтага можна зрабіць самую простую выснову, што тут працуюць не прафесіяналы, а проста лаяльныя людзі, якія дзейнічаюць згодна сваіх метадычак.
Пакуль не зафіксавана іншых выпадкаў у Гародні, дзе ўзніклі б праблемы з акрэдытацыяй незалежнага назіральніка па віне выбарчых участковых камісіяў. Прадстаўнікі ЦВК запэўнілі, што назіральніца Наталля Більдзюк будзе дапушчана да назірання на ўчастку. Заўважым, што па 51-ай выбарчай акрузе балатуецца некалькі дэмакратычных кандыдатаў. Гэта Уладзімір Арцыман ад Беларускага нацыянальнага камітэту, Алена Шаламіцкая – грамадская актывістка і Вадзім Саранчукоў – партыя БНФ.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня