У Гародні няма пікетаў па зборы подпісаў за Лукашэнку
Прайшоў тыдзень, як пачаўся збор подпісаў за прэтэндэнтаў на кандыдацтва ў прэзідэнты краіны, а ініцыятыўныя групы ў Гародні адкрыта збіраюць толькі за трох з чатырнаццаці.
Між іншых, каго не бачылі назіральнікі ў Гародні адкрыта, – прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. Кажа Раман Юргель, прадстаўнік кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”:
– За дзеючага кіраўніка дзяржавы мы нідзе не бачылі ні пікетаў, ні зборшчыкаў. Аднак ёсць такія ананімныя звароты і сведчанні таго, што подпісы збіралі і на “Гродна Азоце”, і на іншых прадпрыемствах, і ў бюджэтных сферах, і ў ЖЭСах. Можа і ў працоўны час, можа ў непрацоўны хадзілі і збіралі подпісы, а хто гэта – ці члены ініцыятыўнай групы, ці проста майстры цэхаў збіралі, мы не ведаем гэта.
У Гародні пакуль за тыдзень аб’яўляліся, з рознай частатой, прадстаўнікі ініцыятыўных групаў Цапкалы, Чэрачэня, Ціханоўскай.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня