У Гародні падвялі вынікі назірання ад кампаніі “Права выбару”
Некалькі дзясяткаў гарадзенцаў прынялі ўдзел у выніковай сустрэчы назіральнікаў ад кампаніі “Права выбару”.
Сяргей Верамеенка, прадстаўнік БХД у кампаніі „Права выбару”, станоўча ацаніў працу гарадзенцаў на парламанцкіх выбарах 2019 году:
– Я лічу, што нашае назіранне было ўдалым. Мы па ўсіх пунктах перайгралі ўладу, якая спрабавала паказацца дэмакратычнай. Але мы прымушалі выконваць хаця б іх законы. Тыя законы, той Выбарчы кодэкс , які не зусім адпавядае свабодным, дэмакратычным стандартам. Мы ішлі на выбары падрыхтаваныя. Камісіі былі не падрыхтаваныя. Як той казаў з ЦВК: яны не прафесіяналы. Таму праўда была на нашым баку, нягледзячы на тое, што ўлады нібыта паказваюць, што перамога на іх баку, але ўсё роўна, я думаю, перамаглі мы.
Прэс-сакратар кампаніі назірання «Права выбару» Аляксей Янукевіч адзначыў працу назіральнікаў, як жаўнераў, што ваююць у першым шэрагу.
– Праца – гэта вельмі важная дзейнасць. Мы бачылі падчас гэтых выбарчых кампаніяў, сотню, можа паўтары сотні, кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў, і вось тая тысяча назіральнікаў – гэта тыя людзі, якія знаходзяцца на пярэднім краі барацьбы за свабоду, за дэмакратыю, за змены да лепшага. Тыя людзі, якія сядзяць на ўчастках, тыя людзі, якія назіраюць, гэта як раз тыя людзі, якія робяць нешта дзеля таго, каб памяняць сітуацыю.
У кампаніі “Права выбару” як па Гарадзеншчыне, так і па ўсёй Беларусі былі назіральнікамі і прадстаўлялі восем палітычных і грамадзянскіх структур: Беларускі Народны Фронт (Партыя БНФ), Беларускую Хрысціянская Дэмакратыю (БХД), Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду) (БСДП), ПАГА «Рух «За Свабоду», Аб’яднаную Грамадзянскую партыю (АГП), Беларускую партыю «Зялёныя», аргкамітэт Партыі Свабоды і Прагрэсу (ПСП), прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча