У Гародні прайшла сустрэча сябраў кааліцыі „Права выбару”
Сябры кааліцыі „Права выбару” ў Гародні правялі сустрэчу, якая вызначыла квоты для арганізацыяў-удзельнікаў: хто колькі чалавек прадставіць на назіранні за выбарчым працэсам.
Да ліпеня ўжо з’явяцца канчатковыя лічбы, але пакуль шэсць дэмакратычных арганізацыяў плануюць закрыць усе выбарчыя ўчасткі, а асабліва засяродзіцца там, дзе будуць праходзіць іх кандыдаты ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў. Кажа Аляксандра Васілевіч з Аб’яднанай грамадзянскай партыі:
– Чальцы нашай партыі збіраюцца ў камісіі. Дакладна па нашай партыі я магу сказаць, што рашэннем палітрады ў абласную камісію ўжо вылучылі прадстаўніка, а таксама ў 51-ю акружную камісію, дзе пойдзе наш кандадат. Партыя не супраць таго, каб людзі ішлі і зборам подпісаў, гэта па жаданні.
Цяпер у гарадзенскай кааліцыі „Права выбару” шэсць арганізацыяў. Гэта Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Рух «За свабоду», прафсаюз Радыё-электроннай прамысловасці, Аб’яднаная грамадзянская партыя ды Партыя БНФ.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня