У Гародні прайшло першае пасяджэнне ТВК



Першае пасяджэнне абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі прайшло ў Гародні. Камісія складаецца са старых кадраў. Абавязковы дадатак – прысутнасць у кожнай ТВК некалькіх дзяржаўных службоўцаў. Прадстаўнікоў ад дэмакратычных сілаў – няма.

У аблвыканкаме прысутнічаў назіральнік ад кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, каардынатар Беларускага Хельсінскага камітэту па Гарадзеншчыне Раман Юргель:

– Што мы маем у камісіі: адзін прадстаўнік ад партыі КПБ – гэта дырэктарка кінатэатра „Чырвоная зорка” Жэнні Баклыка, а другі  – гэта дырэктар кінатэатра „Кастрычнік” Уладзімір Хлябіч. Камісія згодна з выбарчым заканадаўствам прагаласавала за рэжым працы, размеркавала паўнамоцтвы.

Сярод удзельнікаў Тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Гарадзенскай вобласці толькі адзін чалавек быў у масцы. Цяпер, паводле каляндарнага плану, пачынаецца збор подпісаў прэтэндэнтаў на кандыдата на прэзідэнты Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня