Сотні людзей на пікетах па зборы подпісаў у Гародні



У Гародні, як і ў шэрагу гарадоў Беларусі, сёння праходзяць чарговыя акцыі па зборы подпісаў для вылучэння незалежных кандыдатаў у прэзідэнты.

Некалькі соцень чалавек стаяць у чэргах на Савецкай плошчы, каб пакінуць свой подпіс за кандыдатаў. Подпісы ў цэнтры Гародні збіраюць за Святлану Ціханоўскую, Віктара Бабарыку і Ганну Канапацкую. Гарадзенцы кажуць, што яны пакінуць подпіс за любога з кандыдатаў, але толькі не за Лукашэнку:

– Можа, нарэшце, памяняем. Спадзеў вялікі маем. Самае галоўнае, спадзяемся, што дзеці будуць жыць у нармальнай краіне. Што прыйшоў час, калі ад нас нешта залежыць. Можа ўдасца памяняць гэтае чучала. Я падпісваюся за ўсіх супраць Лукашэнкі.

– Падпішуся за чорта, толькі супраць рэжыму Лукашэнкі. За 26 гадоў ужо прагрыз плешыну!

– Хочам падпісацца за Святлану Ціханоўскую, каб яна была мужнай, дайшла да канца. Каб з’явілася ў новай Беларусі свабода слова, свабода друку, падвысіліся пенсіі. Каб людзі ўсміхаліся ў грамадскім транспарце, у горадзе так, як у іншых краінах. Буду падпісвацца і за іншых кандыдатаў.

За Валерыя Цапкалу можна падпісацца таксама непадалёк – у 100 метрах на вуліцы Савецкай, але там няма такіх вялікіх чэргаў.

Пікет па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую.

Пікет па зборы подпісаў за Ганну Канапацкую

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча