У Гародні сфармавалі выбарчыя камісіі



Дзве гадзіны і дзесяць хвілінаў у Гародні праходзіла паседжанне па фармаванні абласной  і акруговых выбарчых камісіяў. Ранейшыя фармаванні звычайна праходзілі за 20 хвілінаў.

IMG_5163

Кажа прысутны там прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Раман Юргель:

– Ад апазіцыйных дэмакратычных партый вылучыліся 17 чалавек. Але чамусьці ад партыі АГП тры накіраванні на сваіх прадстаўнікоў не дайшлі да Гарадзенскага аблвыканкама. Гэта цяпер будуць выясняць партыйныя структуры. Такім чынам, вылучаліся 14 чалавек, з іх уключылі ў склад акруговых камісій аднаго ад Партыі БНФ, трох ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і аднаго ад БСДП (Грамада).

Вылучэнне ў камісіі праходзіла на сумесным паседжанні прэзідыума Гарадзенскай абласной рады дэпутатаў і абласной выканаўчай улады. Колькасць вылучаных ад дэмакратычных арганізацыяў у акруговыя і абласную выбарчыя камісіі – усяго 14 чалавек, у той час, калі сябры камісіі займаюць 182 месцы. Поўная інфармацыя пра камісіі павінна з’явіцца на працягу тыдня праз афіцыйную прэсу.

Якуб Сушчынскі,  Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара