У Гародні – шматлікія парушэнні выбарчага кодэксу



Прадстаўнікі кампаніі «Права Выбару», у якую ўваходзяць Партыя БНФ, БХД, Рух „За Свабоду”, БСДП, АГП, партыя свабоды і прагрэсу, а таксама прадстаўнікі прафсаюзу РЭП і партыі Зялёных, канстатуюць вялікую колькасць парушэнняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Пра асноўныя парушэнні распавядае адзін з каардынатараў кампаніі Сяргей Верамеенка:

– Самае асноўнае парушэнне падчас гэтай кампаніі на 51 акрузе – гэта гон студэнтаў, іх літаральна заганяюць, прымушаюць галасаваць. А таксама не апячатванне памяшканняў для галасавання, там дзе зберагаюцца скрыні. Старшыні выбарчай камісій матывуюць гэта тым, што, маўляў, так дастаткова – скрыня апячатаная, ключ – у іх, але кожны разумее, што ключоў можа быць і пяць, і дзесяць. Гэта самае галоўнае.

Сяргей Верамеенка канстатуе, што апроч парушэнняў Выбарчага кодэксу старшыні камісіяў парушаюць Канстытуцыю:

– Вельмі распаўсюджаная, практычна татальная, забарона фота-, відэафіксацыі, то бок сваім рашэннем альбо па ўказанні кагосьці старшыня камісіі адразу папярэджвае, што забараняецца фота-, відэафіксацыя і, увага, ноу-хау зараз – аўдыёфіксацыя. Як яны будуць гэта кантраляваць, я не ведаю, проста не разумею. Зразумела, што згодна з Канстытуцыяй, кожны грамадзянін мае права збіраць інфармацыю і распаўсюджваць яе. 

Кампанія «Права выбару» ў Гародні вылучыла сваіх назіральнікаў амаль на 40 выбарчых участкаў па акрузе, дзе ўдзельнічае ў выбарах намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Беларускае Радыё  Рацыя Фота Сяргея Апановіча