Затрыманні ў Гародні (абноўлена)
У Гародні таксама затрыманы сябра Беларускага Нацыянальнага Камітэта і Народнай Грамады Уладзімір Арцыман.
***
У Гародні затрымалі трох актывістаў, якія прымалі ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй. Ранкам былі затрыманыя намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў і грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка.
Пазней быў затрыманы сябра АГП Ежы Грыгенча. Кажа Максім Губарэвіч:
– Вадзім Саранчукоў знаходзіцца ў Кастрычніцкім РАУСе Гародні. У дачыненні да яго складаецца пратакол за ўдзел у акцыі 15 снежня на Старым мосце ў Гародні. І хутчэй за ўсё яго сёння накіруюць у суд. Ад Сяргея Верамеенкі інфармацыі няма. І вядома, што літаральна гадзіну таму быў затрыманы Ежы Грыгенча, які таксама прымаў удзел у гэтай акцыі.
Каля дамоў актывістаў „Еўрапейскай Беларусі” Андрэя Войніча ў Менску і Андрэя Шарэнды ў Берасці таксама дзяжураць міліцыянты.
Невядома месцазнаходжанне аршанскага блогера Зміцера Казлова. Тэлефон Казлова недаступны.
* * *
Сёння раніцай у Гародні быў затрыманы намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.
Пра гэта нам паведаміў сябра партыі – Максім Губарэвіч:
– Падрабязнай інфармацыі няма. Мне патэлефанавала ягоная жонка і сказала, што Вадзіма затрымалі, ён адводзіў дзяцей у дзіцячы садок, і ля садка яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Пасля гэтага яго тэлефон недасяжны.
РР: Як мяркуеце, з чым гэта можа быць звязана?
Максім Губарэвіч: Гэта, напэўна, звязана з акцыяй супраць інтэграцыі з Расеяй, якая адбывался на мінулым тыдні на Старым мосце ў Гародні. І мажліва затрыманне мае дачыненне да сённяшняй акцыі ў падтрымку незалежнасці, якая пройдзе ў Менску. Мажліва гарадзенскія ўлады палічылі, што нешта падобнае будзе і ў Гародні, і вырашылі перастрахавацца.
Пакуль невядома, дзе дакладна знаходзіцца Вадзім Саранчукоў.
Таксама стала вядома пра затрыманне гарадзенскага сябра Партыі БХД – Сяргея Верамеенкі.
Падрабязнасці гэтага затрымання нам паведаміла жонка палітыка – Вольга Верамеенка:
– Мы выйшлі дзесці каля 11-й з хаты. Збіраліся ў краму, выклікалі таксоўку. Мы стаялі ў двары і заўважылі белы бус 77-98, зразумелі, што нас ужо чакаюць. Калі мы сказалі таксісту развярнуцца, яны сталі пад’язджаць. Мы на камеру адразу пачалі здымаць. Выйшлі чатыры хлопцы ў цывільным, адзін з іх дастаў пасведчанне, прадставіўся. Яны сказалі, што ў дачыненні да Сержука вядзецца адміністрацыйная справа за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 15 снежня. Я спыталася, чаму не прыслалі ніякіх дакумнентаў, яны нічога не адказалі. І сказалі, што трэба праехаць. Спыталіся куды, яны адказалі – на Дубко, 5. Яны яго абшукалі, абшукалі заплечнік, пасадзілі ў бус і павезлі.
Таксама, па словах Вольгі Верамеенкі, “бус” стаіць і пад домам гарадзенскага актывіста Мікалая Саляніка. Прыгадаем, што 15 снежня каля сотні гарадзенцаў прынялі ўдзел у “Ланцугу незалежнасці” на Старым мосце. Людзі стаялі з плакатамі, з бел-чырвона-белымі сцягамі. Падчас акцыі прадстаўнікі міліцыі здымалі на відэа і фатаграфавалі амаль кожнага ўдзельніка акцыі.
Па меркаванні праваабаронцаў, актывістаў як звычайна нейтралізуюць перад акцыяй пратэсту, кажа гарадзенскі праваабаронца з ПЦ „Вясна” Віктар Сазонаў:
– Звычайна хапаюць людзей, якія ўдзельнічалі ў папярэдняй акцыі. Складаюць на іх пратаколы, цэлы дзень іх трымаюць, пасля аддаюць пад суд. Таму яны спрацавалі па старой схеме. Чакаць, што сёння начальнік нашай краіны будзе вельмі цвёрдым у гэтым пытанні, не прыходзіцца, таму што мы і па дзеяннях сілавых структур бачым, што нічога не змянілася.
Затрыманне звязанае з сённяшняй акцыяй у абарону незалежнасці, што мусіць адбыцца ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. Гарадзенскія актывісты таксама планавалі прыняць у ёй удзел. Як паведамляюць гарадзенскія праваабаронцы „Вясны”, міліцыя дзяжурыць каля дома актывіста Народнай грамады Мікалая Саляніка. Каля дамоў актывістаў „Еўрапейскай Беларусі” Андрэя Войніча ў Менску і Андрэя Шарэнды ў Берасці таксама дзяжураць міліцыянты.
Прыгадаем, што сёння ў Менску плануецца акцыя супраць інтэграцыі з Расеяй. Збор удзельнікаў прызначаны на 18 гадзін на Кастрычніцкай плошчы. Раней за акцыі пратэсту, якія прайшлі 7-8 снежня, асудзілі некалькіх актывістаў. У прыватнасці, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, і Павел Севярынец прысуджаны да 15-ці сутак адміністрацыйнага арышту, хоць Севярынца пасля абвяшчэння прысуду адпусцілі дадому. У ізалятары знаходзіцца таксама Дзяніс Урбановіч. Агулам, паводле звестак “Вясны”, амаль 40 чалавек ужо выклікалі ў міліцыю для складання пратаколаў і прафілактычных гутарак у сувязі з ранейшымі акцыямі пратэсту.
Беларускае Радыё Рацыя