У Гародні збіраюць подпісы за Віктара Бабарыку
У цэнтры Гародні, на плошчы і вуліцы Савецкай, з’явілася некалькі пікетаў за Віктара Бабарыку. Адзін з пікетаў стаіць насупраць намёту, дзе збіраюць подпісы за Святлану Ціханоўскую.
Подпісы за Віктара Бабарыку збірае грамадскі актывіст Віталь Вановіч:
– Актыўна ідзе, я б ніякай катэгорыі людзей не вылучаў таму, што падпісваюцца ўсе. Паколькі тут тры кандыдаты побач стаяць, то з маіх назіранняў амаль усе за ўсіх падпісваюцца. Некаторыя спецыяльна канешне прыходзяць падпісацца за Бабарыку.
Ён патлумачыў, чаму да гэтага часу ў горадзе не было бачна пікетаў за Віктара Бабарыку:
– Была такая невялікая замінка па працы ў рэгіёнах таму, што пакуль прыйшлі пасведчанні ініцыятыўнай групы, потым нейкія там іншыя былі замінкі. Пачалі пазней, не з самага пачатку. У рэгіёнах таксама збіраюцца подпісы праз заявы на сайце, праз бот. Усе прадстаўнікі ініцыятыўнай групы могуць браць заяўкі і ў кожнага індывідуальна браць подпісы.
Цяпер у цэнтры Гародні можна ўбачыць пікеты па зборы подпісаў за Валерыя Цапкалу, Святлану Ціханоўскую і Віктара Бабарыку. Таксама прыязджалі збіраць за сябе подпісы: Андрэй Дзмітрыеў, Алесь Таболіч і Сяргей Чэрачань.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня