У Генконсульстве Расеі ў Берасці адкрыта кніга спачуванняў у сувязі з гібеллю пасла



Цягам двух дзён на тэрыторыі Генеральнага консульства Расейскай Федэрацыі  ў Берасці была адкрыта кніга спачуванняў у сувязі з гібеллю Пасла Расеі ў Турцыі – Андрэя Карлава.

img_0031

“Кіраўніцтва гораду і вобласці, прадстаўнікі мясцовага дэпутацкага корпусу, бізнэсмены, дзейсныя і адстаўныя ваенныя, супрацоўнікі дзяржструктураў пакінулі запісы ў ёй”, – паведамляе консул-саветнік дыппрадстаўніцтва Руслан Байчук:

– Загінуў пасол – гэта нонсенс. У свеце падобныя выпадкі можна пералічыць на пальцах адной рукі. Загінуў не проста вялікі прафесіянал, загінуў вельмі добры чалавек. І я, і мае калегі працавалі пад яго кіраўніцтвам. У Маскве ён быў дырэктарам консульскага дэпартамента. Для нас у гэтай смерці ёсць асабісты боль, бо мы ведалі гэтага чалавека.

Генеральнае консульства РФ у Берасці таксама наведалі прадстаўнікі дыпламатычных місіяў Польшчы, Украіны; ганаровыя консулы іншых краінаў. “Адметна, што прыходзілі і звычайныя берасцейцы, якія не датычныя ніякай палітыкі ці ўлады, а тыя, каго па-просту ўразіла трагедыя”, – зазначыў Руслан Байчук.

img_0032

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара