У Германіі пачалі расследаваць факты гвалту над беларусамі
Федэральная пракуратура Германіі пачала папярэдняе расследаванне па заяве пра гвалт над удзельнікамі акцый пратэсту ў Беларусі, паведаміла нямецкая газета Der Tagesspiegel.
Заява была пададзеная ў пачатку мая чатырма берлінскімі адвакатамі ад імя дзесяці беларусаў, пацярпелых ад сілавікоў у жніўні мінулага года. Гаворка ідзе пра нечалавечыя ўмовы перавозкі, утрымання пад вартай, збіванні, пагрозы і абразы.
„Мы чакаем, што Федэральная пракуратура пачне фармальнае расследаванне”, — заявіў газеце адвакат Анур Азата.
На думку заяўнікаў, пракуратура павінна расследаваць злачынствы ў Беларусі паводле прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі.
19 мая стала вядома, што офіс беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай накіраваў у Федэральную пракуратуру Германіі ліст з заклікам да федэральнага пракурора Пітэра Франка распачаць крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму паводле заявы, пададзенай нямецкімі адвакатамі ад імя дзесяці беларусаў.
„Улічваючы эскалацыю рэпрэсій у Беларусі, а таксама пераслед журналістаў і блакаванне сайта tut.by, Ціханоўская просіць федэральнага пракурора распачаць усе магчымыя крокі для прыцягнення вінаватых да адказнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.
Распачынанне такой справы дазволіць паказаць беларусам, што нават ва ўмовах беззаконня ў краіне іх абараняе міжнароднае права, лічаць у офісе палітыка.
5 мая стала вядома, што генпракурор Пітэр Франк атрымаў заяву ад імя беларускіх грамадзян. Іх нямецкія адвакаты прадставілі больш як 100 задакументаваных выпадкаў катаванняў у Беларусі, адказнасць за якія нясе дзяржава. Дзесяць ахвяр наўпрост даручылі сваім прадстаўнікам падаць ад іх імя ў Генеральную пракуратуру ў Карлсруэ абвінавачанні ў сістэматычных катаваннях, каб дамагчыся расследавання пад юрысдыкцыяй Германіі.
Крыніца, якая ўваходзіць у працоўную групу гэтага кейсу супраць Лукашэнкі і сілавікоў, паведаміла БелаПАН, што праца над падрыхтоўкай працэсу ішла больш за паўгода: „Пасля шасці-сямі месяцаў карпатлівай працы мы знайшлі ахвяр і сведак катаванняў, якія далі згоду паўстаць перад Вярхоўным судом Германіі, пераклалі тысячы дакументаў на нямецкую мову і знайшлі бліскучых адвакатаў”.
7 мая Лукашэнка пасля ўручэння дзяржузнагарод у Менску пракаментаваў пададзеную ў Германіі заяву, назваўшы яе „дурным захадам і імгненнай палітыкай”. „Хай бы Вялікабрытанія ўжо там выступіла, Амерыка, Францыя, у кааліцыі ж былі, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба. — Але не спадчыннікі фашызму. Яны мяне будуць судзіць… Хто вы такія, каб мяне судзіць? За тое, што я абараняю вас і сваю краіну?!”
Як паведамлялася, паводле прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі заявы на беларускіх сілавікоў былі пададзеныя ў Літве і Чэхіі.