У Германіі тысячы курдаў пратэставалі супраць наступу Турцыі ў Сірыі
Пратэстуючы супраць турэцкага наступу ў Сірыі, тысячы курдаў у суботу, 12 кастрычніка, выйшлі на дэманстрацыі ў розных гарадах Германіі, паведамляе dw.com.
У адным толькі Кёльне ў пратэстным маршы ўзялі ўдзел больш 10 тысяч чалавек, у Франкфурце-на-Майне – 4 тысячы, у Брэмене – каля 2 тысяч. Яны патрабавалі спынення ваеннай аперацыі на паўночным усходзе Сірыі і асудзілі дзеянні прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана.
Пратэстны марш курдаў у Кёльне
Дэманстранты прайшлі калонай па вуліцах Кёльна, у руках яны трымалі розныя курдскія сцягі і траспаранты. Натоўп скандаваў „Эрдаган – тэрарыст!” і „Ніякай нямецкай зброі для авантур Эрдагана!”. Пратэстны марш прайшоў мірна, за парадкам на месцы дэманстрацыі сачылі каля некалькіх сотак паліцыянтаў. Паліцыянты таксама засцерагалі пратэстоўцаў ад дэманстрацыі сімволікі Рабочай партыі Курдыстана, прызнанай у Езразвязе тэрарыстычнай арганізацыяй.
Масавыя акцыі пратэсту прайшлі таксама ў Францыі. Толькі ў Парыжы на вуліцы выйшла больш 20 тысяч чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя