У Гомелі абмеркавалі будучыню Еўропы ў святле ўкраінскага крызісу



У Гомелі ў межах праекта „Еўропа ў сакваяжы” сустрэліся эксперты з Еўразвязу, Украіны і Беларусі. Прадстаўнікі аналітычных структураў і фондаў падзяліліся сваімі меркаваннямі адносна будучыні Еўропы пасля крызісу ва Украіне. На думку аднаго з арганізатараў Яўгена Прайгермана, падобны фармат мерапрыемстваў спрыяе ўсталяванню больш шчыльных сувязяў паміж людзьмі з розных краінаў:

– Гэта важна для нас і для тых людзей, якія сюды прыязджаюць, бо ў іх уяўленні пра Беларусь не зусім тыя, якія б адпавядалі рэчаіснасці. І гэта дрэнна, бо адбіваецца на стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Гэты падыход, што Беларусь апошняя дыктатура ў Еўропе, зараз не такі актуальны, па-першае, таму, што ёсць Пуцін. А, па-другое, таму, што Беларусь стала пэўнай палітычнай пляцоўкай. І гэта вымушае глядзець на гэтую краіну па-іншаму.

Прадстаўнік Фундацыі імя Роберта Шумана Марэк Пэда заўважае, што ў выніку ўкраінскага крызісу Беларусь апынулася ў складанай сітуацыі.

– Беларусь знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Гэты ўкраінскі сцэнар можа паўтарыцца фактычна ўсюды. Становішча беларускага ўраду таксама складанае. У Польшчы недаацэненая роля гэтага нейтральнага месца, дзе можна сустрэцца, паразмаўляць і абмеркаваць спосабы вырашэння праблем, бо менавіта тут было ўсталяванае перамір’е.

„Еўропа ў сакваяжы” – гэта міжнародны адукацыйны праект, скіраваны на падвышэнне ўзроўню ведаў пра жыццё ў Еўрапейскім звязе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель