У Гомелі дыскутуюць адносна магчымага рэферэндума



Гомельская апазіцыя абмеркавала стратэгіі дзеянняў на выпадак абвяшчэння рэферэндума. Прадстаўнікі некалькіх палітычных сілаў рэгіёна выказалі занепакоенасць намерам уладаў аб правядзенні плебісцыта разам з парламенцкімі выбарамі.

Палітык Уладзімір Кацора заклікае беларусаў быць гатовымі да барацьбы за дэмакратыю і незалежнасць дзяржавы.

– Восенню можа быць вось такая палітычная падзея, нечаканы рэферэндум. Трэба будзе хоць неяк адказаць. Кожны з нас абавязаны будзе, хто сябе лічыць беларусам, патрыётам, хоць нешта зрабіць. Вынік будзе той жа самы, калі мы будзем проста сядзець хто на лецішчы, хто дзе, ці працаваць толькі на сваю палітычную групоўку.

Прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў лічыць, што на гэтым этапе ўлада наўрад ці пойдзе на правядзенне рэферэндума.

– Я спрабаваў знайсці адказ на пытанне: якія могуць быць праблемы, якія варта выносіць на рэферэндум. Я пакуль не знаходжу такіх пытанняў. Таму што Лукашэнка ўсе свае праблемы вырашыў у 90-х – пачатку 2000-х гадоў, калі ўмацаваў сваю ўладу. Зараз не ў інтарэсах Лукашэнкі ствараць нейкую хвалю, узбуджаць грамадства.

Аляксандр Лукашэнка ў першай палове гэтага году анансаваў магчымыя змены ў Канстытуцыі. Большасць экспертаў прытрымліваюцца меркавання, што рэферэндум можа прайсці ў лістападзе 2019 года. Сярод магчымых змяненняў – увядзенне пасады віцэ-прэзідэнта, пераход да псеўдапарламенцкай рэспублікі, адмена смяротнага пакарання альбо вызначэнне фармата Саюзнай дзяржавы.

Беларускае Радыё Рацыя