У Гомелі распавядуць месцічам пра іх права на няўдзел у выбарах



Гомельскія праваабаронцы запланавалі акцыю, у межах якой распавядуць грамадзянам пра іх права не ўдзельнічаць у выбарах і датэрміновым галасаванні. Заяўка на вулічнае шэсце накіраваная ў гарвыканкам.

Паводле аднаго з ініцыятараў акцыі Леаніда Судаленкі, часта ўлады падмяняюць паняткі, калі заяўляюць пра абавязковы ўдзел грамадзянаў у выбарах.

– Улада па тэлебачанні, у афіцыйных газетах што кажа? Людзі, гэта ваш абавязак, гэта ваш святы доўг. Гэта трэба пераламіць і расказаць людзям, што гэта не іх абавязак, ваш абавязак – плаціць падаткі. І ўсё. Лукашэнка некалькі тэрмінаў таму казаў: людзі, не хадзіце на выбары, усё роўна вас падмануць. То бок калі ўладзе выгадна казаць, што не хадзіце на выбары, улада сама заклікае не хадзіць на выбары, і мы гэта бачылі ў навейшай гісторыі. Калі ўлада хоча зазваць выбаршчыкаў на выбарчыя ўчасткі, дык яна там і гарэлку танную прадае, і дасць і чарку, і шкварку.

У Гомелі цягам 10 гадоў гарадскія ўлады забараняюць дэмакратычным сілам праводзіць масавыя мерапрыемствы. Факты парушэнняў правоў грамадзянаў на свабоду сходаў у Гомелі неаднаразова пацвярджаў Камітэт ААН па правах чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя