У Гомелі пачаўся суд над даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай
У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля пачаўся гучны працэс над даверанымі асобамі кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
На лаве падсудных – чацвёра гомельцаў, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў “масавых беспарадках” і планах на “захопы дзяржаўных будынкаў”. Суд над Таццянай Канеўскай, Юрыем Уласавым, Аляксандрам Шабаліным і Дзмітрыем Івашковым праходзіць фактычна ў закрытым рэжыме па прычыне “эпідэміялагічнай сітуацыі”. Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту Віктар Адзіночанка канстатуе, што абмежаванне доступу грамадзянаў на суд – штучная мера:
– Фактычна для грамадскасці працэс закрыты. Яны матывавалі гэта тым, што ў судовай зале няма месца. А няма месца таму, што трэба каб паміж прысутнымі была адлегласць не менш за метр – паўтара. Але на апошніх працэсах, на якіх я неаднаразова прысутнічаў, і ў гэтай зале, раней гэта норма не ўжывалася.
Актывісты выбарчай кампаніі Ціханоўскай з Гомеля былі затрыманыя яшчэ перад 9 жніўня. Усе яны адмаўляюцца прызнаваць віну.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота: «Гомельская праўда»