У Гомелі плануюць марш супраць расейскай агрэсіі ва Украіне
Гомельскія актывісты прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці падалі заяўку ў гарвыканкам на правядзенне маршу супраць расейскай агрэсіі ва Украіне.
Паводле ініцыятара акцыі Эдуарда Нелюбовіча, грамадзяне Беларусі не павінны заставацца ў баку ад вайсковых злачынстваў алігархічнага рэжыма суседняй краіны.
– Плануем правядзенне шэсця з удзелам 30-ці прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці Гомеля. Шэсце само па сабе павінна прыцягнуць увагу насельніцтва да праблемы Украіны, і людзі задумаліся пра пошук мірных шляхоў. Кожны чалавек разумее, што мір патрэбны не толькі аднаму народу, але ў дадзеным выпадку, як народу Украіны, так і народу Расеі.
Эдуард Нелюбовіч сумняецца, што гарадскія ўлады дазволяць антываенную акцыю, паколькі ў Гомелі цягам 10 гадоў забараняюцца масавыя мерапрыемствы дэмакратычных сілаў.
Беларускае Радыё Рацыя