Мікалай Статкевіч сустрэўся з гомельцамі



У Гомелі прайшла сустрэча з патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалаем Статкевічам.

У межах пікета ў падтрымку гомельца Андрэя Пуканава, які вылучыў сваю кандыдатуру на сёлетніх парламенцкіх выбарах, Мікалай Статкевіч меў магчымасць звярнуцца чарговы раз да гомельцаў.

– Зараз у Беларусі месяц адноснай свабоды, калі можна паставіць пікет у любым месцы горада, не просячы дазволу ўладаў, за выключэннем некалькіх забароненых месцаў. І мы скарыстоўваемся гэтым напоўніцу. Мы ведаем, што выбараў няма. Мы прымем рашэнне пра свой далейшы ўдзел пасля фармавання ўчастковых камісіяў.

Незалежны кандыдат Андрэй Пуканаў гаворыць, што пайшоў на гэтыя выбары, каб была магчымасць падтрымаць Мікалая Статкевіча.

– Мяне падштурхнула мажлівасць неяк легальна выказаць сваю пазіцыю і даць мажлівасць выказацца чалавеку, якога я лічу найбольш годным з палітычных лідараў. І Мікалай Віктаравіч мяне яшчэ прыцягвае тым, што нягледзячы на тое, што ён шмат адсядзеў, у яго няма злобы на гэта.

На сустрэчы са Статкевічам, якая праходзіла на пляцоўцы каля ўнівермага “Гомель”, прысутнічала некалькі дзясяткаў чалавек. Паралельна з агітацыяй прыхільнікі палітыка запісваюць грамадзян у ініцыятыўную групу для вылучэння Мікалая Статкевіча на выбарах 2020 года.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель