У грамадзян Украіны, вывезеных у Расею, адбіраюць пашпарты
Вайна Расеі супраць Украіны працягваецца 59 дзень. Напярэдадні расейскія вайскоўцы абстралялі склады ў Харкаўскай вобласці, эвакуацыйны аўтобус у Луганскай вобласці і 20 населеных пунктаў у Данецкай вобласці. 2500 крымінальных спраў адкрыла паліцыя Кіеўскай вобласці па фактах злачынстваў Расеі. Украінскі бок паведаміў, што ў грамадзян Украіны, вывезеных у Расею, адбіраюць пашпарты, а ўзамен выдаюць даведку аб міграцыі. На наступным тыдні Еўразвяз можа прадставіць шосты пакет санкцый супраць Масквы.
***
У Нямеччыне на наступным тыдні пройдуць перамовы аб вайсковай дапамозе Украіне. Удзел у іх прымуць прадстаўнікі больш як 20 краін.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на брыфінг прэс-сакратара Пентагона Джона Кірбі.
Паводле яго слоў, перамовы пройдуць 26 красавіка на авіябазе Рамштайн у Германіі. Сустрэчу арганізаваў міністр абароны ЗША Лойд Осцін. Кірбі паабяцаў раскрыць больш дэталяў бліжэй да даты сустрэчы. Ён дадаў, што ў перамовах прымуць удзел не толькі краіны НАТА.