Грэцыя сказала „не” крэдыторам (абноўлена)
Франсуа Аланд і Ангела Меркель прапануюць склікаць экстранны саміт Еўразвяза ў сувязі з сітуацыяй у Грэцыі.
Лідары Нямеччыны і Францыі Ангела Меркель і Франсуа Аланд у ходзе тэлефоннай размовы абмеркавалі першыя вынікі рэферэндуму ў Грэцыі, на якім большасць грэкаў прагаласавалі супраць прапаноў міжнародных крэдытораў. У ходзе размовы бакі прапанавалі склікаць экстранны саміт Еўразвяза 7 ліпеня.
Акрамя таго, вядома, што Меркель і Аланд пагадзіліся з неабходнасцю паважаць волявыяўленне грамадзян Грэцыі.
* * *
Большасць грэкаў на рэферэндуме выказаліся супраць прапановаў крэдытораў: „не” сказалі 61,31% грэкаў. Рэферэндум тычыўся ўмоваў аказання краіне міжнароднай дапамогі. Сярод гэтых умоваў – падвышэнне падаткаў і скарачэнне сацыяльных выплатаў і дапамог. Такая эканомія магла дапамагчы Афінам выконваць свае фінансавыя забавязанні. Днямі краіна не змагла выплаціць запазычанасць МВФ у паўтара мільярда еўра.
Вынікі рэферэндуму могуць прывесці да выхаду Грэцыі з еўразоны, хоць прэм’ер Цыпрас запэўнівае, што размовы пра выхад з Еўразоны – не вядзецца.
* * *
Пасля падліку 20% галасоў, «не» прапановам Еўрагрупы сказалі 60%, паведамляюць ВВС і Еўраньюс. Яўка на рэферэндуме склала 57%.
«Oxi» — гэта «не»
Па першых афіцыйных дадзеных, большасць грэкаў на рэферэндуме прагаласавала супраць прыняцця прапаноў „тройкі” міжнародных крэдытораў – Еўракамісіі, Еўрапейскага цэнтральнага банка і Міжнароднага валютнага фонду.
У Грэцыі а 19-й паводле беларускага часу завершыўся рэферэндум пра стаўленне да пазіцыі крэдытораў у асобе Еўрагрупы, ЕЦБ і МВФ. Паводле першых exit poll, праведзеных прыватнымі тэлекампаніямі, Грэцыя сказала «не» пазіцыі Еўропы.
* * *
У Грэцыі адкрыліся ўчасткі для галасавання на рэферэндуме пра ўмовы вылучэння краіне міжнароднай дапамогі. Мяркуецца, што ўчасткі закрыюцца а 19-й гадзіне. Рэферэндум быў прызначаны прэм’ер-міністрам Алексісам Цыпрасам.
Грамадзянам прапанавана вызначыць, ці павінна краіна прыняць – або адхіліць – пагадненне з міжнароднымі крэдыторамі пра выхад з даўгавога крызісу. Раней прэм’ер-міністр заклікаў грэкаў сказаць рашучае «не» на рэферэндуме, а міністр фінансаў краіны звінаваціў крэдытораў Грэцыі ў «тэрарызме».
Лідары Еўразвязу папярэдзілі, што калі грэкі адкінуць умовы прадастаўлення фінансавай дапамогі, гэта можа азначаць выхад Грэцыі з еўразоны.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота EPA/ТАСС