У Грузіі адбылася буйная дэманстрацыя за вызваленне з турмы экс-прэзідэнта



Сотні прыхільнікаў апазіцыі ў Грузіі правялі дэманстрацыю з патрабаваннем вызваліць зняволенага экс-прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, які галадае.

Дэманстранты са сцягамі Грузіі, Украіны і Еўразвязу сабраліся каля турмы ў горадзе Руставі, дзе сядзіць Міхаіл Саакашвілі, які вярнуўся на радзіму пасля 8 гадоў выгнання дзеля агітацыі за апазіцыю перад агульнанацыянальнымі выбарамі.

Мітынгі былі скліканыя апазіцыйнай групай „Аб’яднаны нацыянальны рух”, заснаванай самім Саакашвілі, які быў прэзідэнтам Грузіі з 2004 па 2013 гады, пакінуў краіну неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2013 годзе і быў завочна асуджаны ў 2018 за злоўжыванне ўладай і імкненне схаваць доказы збіцця апазіцыйнага дэпутата парламенту.

Міхаіл Саакашвілі працягвае заяўляць, што абвінавачанні супраць яго палітычна матываваныя.