У Грузіі прайшло галасаванне на мясцовых выбарах (абноўлена)



І ўладная партыя і апазіцыя заяўляюць пра сваю перамогу. Цэнтрвыбаркам Грузіі ўжо папярэдзіў, што папярэднія вынікі падліку галасоў будуць абвешчаны пазней, чым гэта бывае ў час правядзення парламенцкіх выбараў. Вынікі абвесцяць не раней, чым раніцай 3 кастрычніка. 

Яўка на выбарах у органы мясцовага самакіравання Грузіі склала амаль 52%.

Паводле апытання, праведзенага па заказе тэлекампаніі „Імедзі” кампаніяй Gorbi, на выбарах перамагае кіроўная партыя „Грузінская мара”, якая на ўсіх выбарчых участках набірае больш  47,6% галасоў выбарцаў, а галоўная апазіцыйная партыя „Адзіны нацыянальны рух” атрымлівае 27,1% галасоў.

Грузінскі тэлеканал „Мтавары архі” заказаў правядзенне экзіт-пола ў кампаніі Ipsos, якая таксама пацвердзіла першынства кіроўнай партыі – 38,6%, а „Адзіны нацыянальны рух” набірае 33%.

Яшчэ адзін грузінскі тэлеканал „Формула” замовіў апытанне кампаніі Edison Research, паводле яго таксама наперадзе „Грузінская мара” – 43%, „Адзіны нацыянальны рух” набірае” 39%.

Канчатковыя вынікі выбараў будуць вядомыя ў ЦВК Грузіі позна ўначы.

***

У Грузіі пачалося галасаванне на мясцовых выбарах, ад якіх залежыць лёс кіроўнай партыі. Калі яна не набярэ 43% галасоў увогуле па краіне, то ў адпаведнасці з пагадненнем з апазіцыяй павінна прызначыць на вясну новыя выбары. Напярэдадні ў Грузію ўпершыню за 8 гадоў прыбыў былы прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі, які заклікаў да масавых пратэстаў пасля галасавання. Улады спачатку адмаўлялі яго прыезд, потым затрымалі. Саакашвілі, па словах адваката, абвясціў галадоўку. Раней яму на радзіме завочна вынеслі два прысуды з турэмнымі тэрмінамі.

Права голасу на выбарах 2 кастрычніка маюць 3,5 мільёна грамадзян Грузіі, якія дасягнулі поўнагадовасці. З іх 39 тысяч чалавек будуць галасаваць упершыню.

Грамадзяне Грузіі павінны абраць 64 мэраў: 5 мэраў самакіравальных гарадоў і 59 мэраў раёнаў.

Паралельна выбарам мэраў у Грузіі пройдуць выбары 1 388 дэпутатаў 64 мясцовых дарадчых органаў – сакрэбула. Частка дэпутатаў сакрэбула абіраецца па партыйных спісах, а частка – па мажарытарнай сістэме. 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча