У ініцыятыўнай групе Мікалая Статкевіча больш за 1500 чалавек



1500 чалавек у ініцыятыўнай групе Мікалая Статкевіча, сярод іх – вядомыя беларусы, дзеячы мастацтва, культуры ды навукі. Сябры ініцыятыўнай групы ў каментары Беларускаму Радыё Рацыя патлумачылі, чаму вырашылі падтрымаць палітвязня.

^CF0041836C360C57DA3EC44EFB0FF97C4A8C233F39988EEE0B^pimgpsh_fullsize_distr

Аляксей Марачкін, мастак: Я фактычна падтрымліваю і ўваходжу ў гэтую ініцыятыўную групу, з гонарам, як і іншыя людзі. Я задаволены тым, што ў гэтую ініцыятыўную групу ўваходзяць такія вядомыя людзі як Зінаіда Бандарэнка, Радзім Гарэцкі, наш спявак Лявон Вольскі. Гэтыя падпісанты сваім удзелам у ініцыятыўнай групе, якраз мы сцвярджаем разам, што ў нас ёсць палітзняволеныя, а адносна Міколы Статкевіча мы заяўляем, што ён незаконна арыштаваны, і ён павінны быць на волі. Паколькі ён незаконна сядзіць у турме, то згодна з усімі юрыдычнымі нормамі, калі б дзяржава гэтым займалася, яму трэба было б кампенсаваць усе маральныя і матэрыяльныя шкоды.

Старшыня ЦВК, як я жартам гавару, баба Ліда, заявіла, што ініцыятыўную групу не зарэгіструюць. Сапраўды, Ярмошына не зарэгіструе, але гэта не значыць, што мы не павінны змагацца. Бо, як кажуць, у Бога варыянтаў многа, ніхто не ведае, што будзе падчас выбараў.

Сёння фігура Статкевіча як ніколі актуальная, і неабходна было б нам аб’яднацца вакол гэтага чалавека, сапраўднага афіцэра, мужнага чалавека.

Алесь Пушкін

Алесь Пушкін, мастак: Прачытаў інтэрв’ю Міколы Аўтуховіча і па запрашэнні Руха Салідарнасці “Разам” я вырашыў падтрымаць Міколу Статкевіча, каб проста спыніць гэтую несправядлівасць. Чалавек у турме, чалавек палітзняволены, у нас аб’яўляюцца “выбары”, гэта ўсё не заўважаюць.

Я цудоўна разумею, што Ярмошына яго не зарэгіструе, калі Лукашэнка ўдзельнічае ў выбарах, то гэта не будзе справядлівых выбараў. Але, тым ні менш, каб захаваць гонар, чалавечую годнасць тых людзей, якія з 1999 года не прызнаюць грамадзяніна Аляксандра Лукашэнку  легітымным прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, я вырашыў удзельнічаць у гэтай ініцыятыўнай групе. І паставіў свой подпіс. Да таго ж яшчэ, сябры, нам трэба мець нейкую форму актыўнага байкоту, каб Міколу Статкевіча выпусцілі з турмы. Але, калі ён выйдзе з турмы, калі пад ціскам грамадскасці Лукашэнка яго выпусціць, каб зрабіць “выбары” прыгожымі і легітымнымі перад сусветнай грамадскасцю, то тады спадару Міколу абавязкова трэба зняцца і не ўдзельнічаць у гэтым фарсе. 

Радзім Гарэцкі

Радзім Гарэцкі, геолаг, акадэмік НАН Беларусі: Я падпісаў, каб падтрымаць Міколу Статкевіча. Я яго даўным даўно ведаю, яшчэ з 90-ых гадоў мы разам з ім працавалі ў Згуртаванні Беларусаў Свету “Бацькаўшчына”, разам рыхтавалі і Першы з’езд беларусаў свету. Але я таксама вельмі добра ведаю яго мілую сімпатычную жоначку Марыну Адамовіч. Гэта цудоўныя людзі, якіх можна вельмі паважаць, гэта людзі, якія адданыя беларушчыне, якія вельмі змагаюцца за сапраўдную беларускую Беларусь. Я за іх падпісаўся. Не хачу ўдзельнічаць у ніякіх гульнях па “выбарах”. А вось падтрымаць Міколу Статкевіча, мне здаецца, трэба ўсім. Гэта ганьба, што такі чалавек ні за што сядзіць столькі гадоў.

AA36E97D-EAB7-4F75-BC27-30F7C6A8DA39_mw1024_s_n

Юры Хашчавацкі, кінарэжысёр: Перадусім нельга не захапляцца мужнасцю гэтага чалавека, які пераносіць абсалютна невымоўныя пакуты, і гэта вельмі важна яго падтрымаць. Але тут ёсць яшчэ адзін вельмі важны момант – узгадайце, за што яго пасадзілі, чаму ў адносінах да яго праявілі найбольшую жорсткасць. Таму што ён сказаў адкрытым тэкстам, звяртаючыся да Лукашэнкі: “Аддай, што скраў”, маючы на ўвазе, што ў беларусаў скралі права выбару. Выбары скрадзены, яны пастаянна фальсіфікуюцца. Мне падаецца, што сёння вельмі важна зразумець і прызнаць, што Мікола Статкевіч меў рацыю, ён гэта вельмі яскрава і дакладна сфармуляваў. І сёння, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, каторыя ў чарговы раз збіраюцца скрасці ў людзей, мы павінны абсалютна канкрэтна салідарызавацца, таму што, мне падаецца, сёння ўсе ў Беларусі ведаюць, што выбары сфальсіфікуюцца, усе гэта ведаюць! Але многія лічаць, што так і мае быць. Не, так не мае быць! Калі мы даем магчымасць скрасці ў нас наш выбар, значыць мы самі ў сябе крадзем будучыню.

A3FA6D32-3723-4323-BD69-D486A4DFBE3D_w974_n_s

Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі: Самае першае і галоўнае, гэта выратаванне Міколы Статкевіча, і калі гэтая кампанія пачнецца, вядома, я сумняюся, што нас зарэгіструюць, але ўсё-ж-такі, улічваючы, што народ варушыцца, і трэба вызваляць усіх палітвязняў, гэта будзе такі крок, які будзе спрыяць яго вызваленню.

Мікола Статкевіч – гэта на сённяшні час Кастусь Каліноўскі. Ён рызыкуе сваім жыццём і не думае пра сваё жыццё ў параўнанні з астатнімі. Дзеля гэтага мы павінны нешта рабіць, каб яго хутчэй вызваліць.

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў, паэт, былы кандыдат на пасаду прэзідэнта: Сцэнар, які сёння прапануецца на прэзідэнцкія выбары, гэта сцэнар улады. Гэта той самы сцэнар, які прапаноўваўся ў 2010 годзе, але тады была істотна іншая сітуацыя. Сёння за 4 месяцы да выбараў Расея праз свайго амбасадара заявіла, што яна цалкам падтрымлівае Лукашэнку, што ёсць наўпроставым умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Беларусі. Усялякую гатоўнасць паблажліва паглядзець на вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2015 года дэманструе Захад.

Вылучэнне Міколы Статкевіча – гэта не толькі маральная акцыя,  гэта адзіны магчымы палітычны ход, скіраваны на тое, каб паламаць сцэнар улады.

Усе палітычна праграныя выбары 2001, 2006, 2010 гадоў дэмакратычная апазіцыя аб’яўляла сваёй маральнай перамогай, хоць колькі там маральнай перамогі было, ніхто не мог падлічыць. Дык вось узнікла рэальная магчымасць гэтай самай маральнай перамогі. Рэальная магчымасць аб’яднання вакол Статкевіча з мэсэджамі не толькі палітычнымі, але і маральнымі, зусім зразумелымі для кожнага нармальнага чалавека. Сядзіць ні ў чым невінаваты Мікола Статкевіч, кандыдат у прэзідэнты 2010 года да гэтай пары ў турме. Гэта справядліва? Гэта несправядліва.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Матэрыял у гукавым фармаце: