У Кангрэсе ЗША асудзілі рашэнне Расеі аб’явіць Ціханоўскую ў вышук
Старшыня камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Эліят Энгел і рэспубліканец Майкл Маккол асудзілі рашэнне Расеі ўключыць экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святлану Ціханоўскую ў спіс асоб, якія адшукваюцца.
„Мы рашуча асуджаем рашэнне рэжыму Пуціна далучыцца да Беларусі, уключыўшы лідара беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую ў міждзяржаўны вышук. Гэты апошні крок Лукашэнкі і яго прыхільнікаў з Крамля ва ўмацаванні яго незаконнага кіравання паказвае, наколькі глыбока аўтарытарысты, такія як Лукашэнка і Пуцін, асцерагаюцца ўлады дэмакратыі”, — гаворыцца ў заяве.
„Злучаныя Штаты разам з нашымі еўрапейскімі саюзнікамі і Канадай будуць і далей падтрымліваць заклікі беларускага народа будаваць уласную будучыню і патрабаваць ад Расіі поўнай павагі да суверэнітэту Беларусі”, — падкрэсліваюць кангрэсмены.
7 кастрычніка стала вядома, што Святлана Ціханоўская абвешчаная ў вышук на тэрыторыі Расеі — яе звесткі ўнесеныя ў базу МУС. „Падстава для вышуку: адшукваецца па артыкуле КК”, — адзначалася ў паведамленні ТАСС. Крыніцы ў праваахоўных органах растлумачылі, што Ціханоўская была абвешчаная ў вышук у Беларусі, але ён таксама будзе ажыццяўляцца і ў Расеі, бо гаворка ідзе аб міждзяржаўным вышуку, адзначыла расійскае інфармагенцтва.
Фота: AP