У Кангрэсе ЗША вядзецца падрыхтоўка новага Акта аб дэмакратыі ў Беларусі



У Кангрэсе ЗША вядзецца падрыхтоўка новага Акта аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі, паведаміў “Позірку” асноўны аўтар дакумента кангрэсмен Крыстафер Сміт. Паводле яго слоў, калі дакумент будзе прыняты, ён стане ўжо пятым Актам аб дэмакратыі ў Беларусі — першы дакумент быў прыняты кангрэсам у 2004 годзе.

“Пытанне аб тым, што адбываецца ў Беларусі, неаднаразова ўздымалася, у тым ліку і ў камітэце кангрэса па замежных справах, — сказаў Сміт. — І хоць зараз крытычна важна, што мы павінны падтрымліваць Украіну і спыніць вайну, якая там ідзе, мы таксама не можам прыбраць з нашага фокусу тое, што ў Беларусі 1.500 палітвязняў, рэпрэсіі, увесь час затрымліваюць усё новых і новых людзей. Гэта тактыка тэрору, і яна працуе”.

Паводле Сміта, цяпер вядзецца праца сярод іншых кангрэсменаў, каб яны далучаліся да дакумента ў якасці суаўтараў. “Спадзяюся, што да канца года ён будзе адобраны”, — сказаў суразмоўца.

Беларускае Радыё Рацыя