У Казахстане пазачарговыя выбары прэзідэнта
У Казахстане 9 чэрвеня пачалося галасаванне на пазачарговых выбарах кіраўніка дзяржавы. Бальшыня выбарчых участкаў у краіне адчыніліся а 7-й раніцы і зачыняцца а 20-й па мясцовым часе.
У канчатковы спіс увайшлі 7 кандыдатаў, сярод якіх – выконваючы абавязкі кіраўніка дзяржавы Касым-Жамарт Такаеў, дэпутаты Данія Яспаева і Жамбыл Ахметбекаў, апазіцыйны палітык Аміржан Касанаў, прадстаўнік афіцыйных прафсаюзаў Амангельды Таспіхаў, пісьменнік Садыбек Тугел і прадстаўнік аграсектара Талеўтай Рахімбекаў.
Прэзідэнта краіны абіраюць на 5 гадоў цягам усеагульнага наўпроставага галасвання. Кіраўнік дзяржавы мае права займаць свой пост не больш двух тэрмінаў запар. Калі ў дзень выбараў аніводны з кандыдатаў не набярэ больш 50% галасоў, то будзе прызначаны другі тур. У ім змогуць удзельнічаць два кандыдаты, якія набяруць найбольш галасоў у першым туры.
9 красавіка бягучага года выконваючы абавязкі кіраўніка дзяржавы Такаеў назваў дату правядзення датэрміновых выбараў прэзідэнта Казахстана. Такаеў атрымаў паўнамоцтвы кіраўніка краіны ў сярэдзіне сакавіка – пасля заявы Нурсултана Назарбаева пра сваё рашэнне пайсці ў адстаўку. Пры тым Назарбаеў застаўся на пасадзе кіраўніка Савета бяспекі краіны, члена Канстытуцыйнага савету Казахстана і старшыні кіроўнай партыі „Нур Атан”.
Правядзнне датэрміновых выбараў бальшыня аналітыкаў называе аперацыяй „пераемнік”, якая павінна забяспечыць далейшае ўладаранне клану Назарбаева.
Беларускае Радыё Рацыя