У Казахстане затрымалі больш за 200 апазіцыянераў
У Казахстане на акцыях пратэсту затрымалі больш за 200 чалавек. У Алматы 22 лютага праходзіла акцыя ў падтрымку стварэння Дэмакратычнай партыі апазіцыянера Жанбалата Мамая, а яшчэ ў некалькіх буйнейшых гарадах збіраліся прыхільнікі „Дэмакратычнага выбару Казахстану” эміграваўшага банкіра Мухтара Аблязава.
Раніцай на выхадзе з хостэлу ў Алматы затрымалі каля 70 прыхільнікаў будучай Дэмпартыі, якія прыехалі на мітынг супраць арышту Мамая, што адбыўся напярэдадні. На самой акцыі, якая пачалася каля 11.00 па мясцовым часе (08.00 беларускага) ля плошчы „Астана”, за гадзіну затрымалі яшчэ каля 40 чалавек. Удзельнікаў акцыі пратэсту затрымлівалі ўжо на падыходзе да плошчы, у аўтазаках апынулася каля ста чалавек.
„Дэмакратычны выбар Казахстану” анансаваў акцыі і ў іншых буйнейшых гарадах краіны: у Нур-Султане на праспекце Рэспублікі ля палацу „Жастар” затрымалі каля 30 чалавек, у Шымкенце на поўдні Казахстану – каля 20 чалавек, а ў Актобэ – яшчэ як мінімум 10 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
фота vlast.kz