У Казахстане затрымана амаль 6 тысяч чалавек (абноўлена)
Ахвярамі студзеньскіх падзей у Казахстане сталі 164 чалавекі. Такія даныя па колькасці загінулых грамадзян рэспублікі прыводзіць „Sputnik Казахстан”. Больш за ўсё ахвяр у Алма-Аце – 103 чалавекі. Сярод загінулых – трое непаўналетніх дзяцей (4-х, 11-ці, і 15-ці гадоў).
* * *
За ўдзел у беспарадках у Казахстане затрыманы ўжо 5,8 тысячы чалавек, „сярод іх ёсць значная колькасць замежнікаў”, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Такаева.
Сітуацыйны цэнтр МУС паведамляе аб затрыманні 5969 чалавек.
Працягваецца „зачыстка” населеных пунктаў, вынікае з паведамлення. „Ва ўсіх рэгіёнах краіны сітуацыя стабілізавана”, – сцвярджае прэзідэнцкая прэс-служба. Крыху менш за 100 чалавек былі затрыманыя толькі ў Алматы за мінулую ноч, перадае агенцтва Sputnik Казахстан.
Аднак, нягледзячы на запэўніваньні казаскіх уладаў у тым, што сітуацыя стабілізавалася, Расея працягвае перакідваць сваіх вайскоўцаў у гэтую краіну. Як піша Міністэрства абароны Расеі, 70 самалётаў Іл-76 і 5 самалётаў Ан-124 штодня перапраўляюць у Казахстан падраздзяленні расейскага кантынгенту «міратворчых сіл АДКБ», у склад якіх таксама ўваходзяць вайскоўцы Беларусі, Кіргізстану, Арменіі і Таджыкістану.
Мінабароны Расеі апублікавала відэа з вайскоўцамі з Беларусі ў Казахстане. Раней Мінабароны Беларусі заявіла, што яны пачалі „выкананне задач па ахове шэрагу важных аб’ектаў ваеннай інфраструктуры”. Беларусы прысутнічаюць у Казахстане ў складзе міратворчых сіл АДКБ. Гэта кантрактнікі з міратворчай роты 103-й Віцебскай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Наконадні Лукашэнка заявіў, што беларускія вайскоўцы „у Казахстан прыйшлі не забіваць і нават не ваяваць”, а дапамагчы казахам „спыніць братазабойчую вайну”. Тым часам, стала вядома, што былы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў прыняў рашэнне перадаць пасаду старшыні Рады бяспекі дзеючаму кіраўніку дзяржавы Касым-Жамарту Такаеву для аператыўнага рэагавання на беспарадкі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Назарбаева.
Фота: AFP © Abduaziz MADYAROV