У Харватыі на парламенцкіх выбарах перамаглі кансерватары
На прайшоўшых у Харватыі парламенцкіх выбарах пераканаўчую перамогу здабылі кансерватары з партыі Харвацкая дэмакратычная супольнасць (ХДС). Партыя, лідар якой Андрэй Пленкавіч з’яўляецца прэм’ер-міністрам краіны, можа разлічваць на 68 мандатаў з 151. Такія вынікі абвешчаны ў панядзелак, 6 ліпеня, пасля афіцыйных падлікаў 90% выбарчых бюлетэняў.
Кансерватары насуперак прагнозам перамаглі з нечакана істотнай перавагай над сацыял-дэмакратамі, якія атрымаюць 42 мандаты. Трэцяе месца заняла новая правая партыя, якую ўзначаліў музыкант Міраслаў Шкора – яна атрымае 15 месцаў у аднапалатным парламенце Харватыі.
Кансерватарам з ХДС, нягледзячы на відавочную перамогу, не ўдалося атрымаць абсалютнай бальшыні, таму ім трэба будзе ствараць кааліцыю. Аналітыкі мяркуюць, што партнёрамі ХДС могуць стаць 8 дэпутатаў, якія прадстаўляюць нацыянальныя меншасці. У такім разе кіроўная партыя не будзе залежаць ад галасоў партыі Шкоры.
У парламенцкіх выбарах мелі права ўдзельнічаць 3,8 мільёна выбарцаў. Усяго насельніцтва краіны складае 4,2 мільёна чалавек.
Усяго ў гэтых парламенцкіх выбарах у Харватыі ўдзельнічалі ажно 192 палітычныя блокі, партыі і незалежныя кандыдаты. Аднапалатны Сабор абіраецца тэрмінам на 4 гады.
Беларускае Радыё Рацыя
фота