У Хельсінкскай камісіі ЗША прайшлі слуханні па Беларусі



Камісія па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкская камісія ЗША) 20 лістапада ўпершыню за восем гадоў правяла слуханні па Беларусі. Пасяджэнне, якое было прысвечана вывучэнню расейскага ўплыву ў краіне, транслявалася ў прамым эфіры.

Запрошанымі экспертамі на слуханнях выступілі дырэктар цэнтра EAST (Варшава) Андрэй Елісееў, старшы менеджар праграм па Еўразіі праваабарончай арганізацыі Freedom House Сафія Арлоскі, медыяаналітыкі Агенцтва ЗША па глабальных медыя Франак Вячорка, старшы навуковы супрацоўнік і дырэктар расійскай праграмы Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA) Браян Уітмар.

Елісееў заявіў, што Крэмль імкнецца „вярнуць свой поўны ўплыў у Беларусі, як гэта было ў СССР, для чаго выкарыстоўвае палітычны, эканамічны і прапагандысцкі ціск на беларускія ўлады і грамадства”.

„Крэмль ўспрымае Беларусь як частку так званага рускага свету, — лічыць эксперт. — Расія хоча, каб большую частку суверэнітэту Беларусь перадала Маскве ў абмен на далейшую эканамічную падтрымку. Умовы Крамля для заключэння будучых пагадненняў па пастаўках нафты і газу, выдзялення Беларусі крэдытаў — гэта больш глыбокая інтэграцыя ў рамках Саюзнай дзяржавы”.

Елісееў падкрэсліў, што Беларусь вельмі ўразлівая перад расійскім уплывам, бо мае глыбокія інстытуцыйныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя сувязі з РФ, а таксама з-за рэпрэсіўнай палітыкі, якую беларускія ўлады праводзяць у дачыненні да беларускай мовы, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

„Пагроза ў тым, што больш глыбокая інтэграцыя на ўмовах, якія прапаноўвае Расія, пакіне Беларусі толькі намінальны суверэнітэт, калі ў рэальнасці Мінск вымушаны будзе ўзгадняць сваю ўнутраную і знешнюю палітыку з Масквой”, — сказаў ён.

Елісееў адзначыў, што апошнія два гады многія пракрамлёўскія сайты, якія раней канцэнтраваліся на тэмах Украіны і Сірыі, дадалі да іх Беларусь. „З’явіліся дзясяткі новых актыўных сайтаў, якія пішуць пра Беларусь. У іх публікацыях выкарыстоўваецца агрэсіўная, шавіністычная рыторыка, часам ставіцца пад сумненне само існаванне Беларусі як незалежнай дзяржавы, беларуская мова дыскрэдытуецца. Выкарыстоўваецца тэзіс аб тым, што беларусы і рускія — адзін народ, а беларуская мова была штучна створаны варожым Захадам. Гэтыя сайты спрабуюць стварыць ілюзію таго, што ў беларускім грамадстве існуе вялікая падтрымка больш цеснай інтэграцыі з Расіяй „, — сказаў Елісееў.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што заходнія карпарацыі, такія як Google і Apple, садзейнічаюць большай прысутнасці Расіі ў беларускай медыяпрасторы. „Гэта адбываецца з-за адсутнасці беларускай лакалізацыі. Як вынік, карыстальнікам, якія выбіраюць сваёй лакацыяй Беларусь, усё роўна прапаноўваецца вельмі шмат расійскага кантэнту ў іх навінавых стужках, — сказаў Елісееў. — Найбуйнейшыя ўдзельнікі беларускага медыярынку падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой заклікалі карпарацыі зрабіць Беларусь незалежнай краінай на глабальнай інтэрнэт-карце праз лакалізацыю сваіх сэрвісаў для Беларусі, як гэта зроблена ва Украіне, Літве, Польшчы і іншых краінах”.

Елісееў таксама адзначыў: „Калі Беларусь страціць свой суверэнітэт, гэта будзе катастрофай не толькі для беларускага народа, які пакаленнямі марыў аб суверэннай і незалежнай краіне, але гэта таксама заахвоціць далейшыя агрэсіўныя паводзіны Расіі ў адносінах да іншых суседзяў і падштурхне Расію да новых спроб дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне”.

Сафія Арлоскі заклікала Захад не падманвацца працэсам лібералізацыі ў Беларусі, так як падобнае ўжо адбывалася ў 2008 і 2010 гадах, а затым ішлі новыя цыклы рэпрэсій. „Беларускія ўлады абяцалі, але так і не пачалі правядзенне значных дэмакратычных рэформ. Аўтакратычны рэжым не дазваляе Беларусі ўзмацніць ўнутраную абароненасць і робіць краіну ўразлівай для расійскага ціску”, — сказала Арлоскі.

Прадстаўнік Freedom House адзначыла, што працэс інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы застаецца непразрыстым. Грамадскасць абедзвюх краін да гэтага часу не азнаёмленая з дарожнымі картамі, якія павінны быць падпісаны 8 снежня.

Яна падкрэсліла, што Беларусь „ніколі не будзе па-сапраўднаму незалежнай, калі беларускія ўлады будуць працягваць гуляць паводле расійскіх правіл”. „Калі ЗША хочуць дапамагчы Беларусі, то ім варта ў першую чаргу заахвоціць Беларусь да правядзення дэмакратычных рэформ. Умовай для любых далейшых крокаў па нармалізацыі адносін павінны стаць паўнавартасная выбарчая рэформа і зняцце абмежаванняў на мірную грамадзянскую дзейнасць. ЗША могуць прапанаваць экспертную і тэхнічную дапамогу, а таксама фінансавую падтрымку для гэтага”, — сказала Арлоскі.

Акрамя таго, яна заклікала падтрымаць незалежныя СМІ ў Беларусі.

Франак Вячорка адзначыў, што працэс русіфікацыі цесна звязаны з узмацненнем антыдэмакратычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яго слоў, беларускія ўлады закрываюць вочы на ўзмацненне расійскага ўплыву ў беларускім сегменце інтэрнэту.

„Крэмль стварыў шмат дробных навінавых сайтаў, сотні паблікаў у сацыяльных сетках і месенджараў. Пасты, якія там публікуюцца, накіраваны на тое, каб мяняць і маніпуляваць беларускай нацыянальнай ідэнтычнасцю, — сказаў Вячорка. — Рускае праваслаўе і руская мова з’яўляюцца галоўнымі інструментамі расійскай экспансіі і геапалітычнага рэваншызму. Крэмль выкарыстоўвае іх і для палітычнага ціску”.

Вячорка лічыць неабходным „пераадолець расійскую манаполію і мясцовыя недэмакратычныя наратывы”. Паводле яго слоў, істотную ролю ў гэтым адыгрываюць СМІ з заходнім фінансаваннем — „Радыё Свабода”, „Белсат”, „Еўрапейскае радыё для Беларусі”, „Радыё Рацыя”. „Гэта зручны момант для таго, каб адрадзіць беларускую службу „Голаса Амерыкі”, закрытую ў 1956 годзе”, — перакананы Вячорка.

Ён лічыць, што аднаўленне паўнавартаснай працы амерыканскага пасольства ў Беларусі можа дапамагчы ЗША выбудаваць прамы дыялог з беларускім народам, а не з уладамі, актывізаваць праекты па медыяграматнасці і развіцці лічбавай журналістыкі, а таксама праграмы абмену.

Браян Уітмар заявіў, што Беларусь з’яўляецца стратэгічна важнай для Захаду і гэтая важнасць будзе ўзрастаць ў найбліжэйшай будучыні. „У інтарэсах Захаду ўзмацніць суверэнітэт Беларусі, — сказаў ён. — ЗША і партнёры могуць садзейнічаць змяншэнню эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі. Напрыклад, маглі б інвеставаць у IT-сектар Беларусі, заняўшы нішу, якая ўтварылася пасля скарачэння расійскіх субсідый”.

Паводле слоў прадстаўніка СЕРА, расійская агрэсія ва Украіне ў 2014 годзе спалохала Аляксандра Лукашэнку і вялікую частку беларускай эліты, а Расія, якая аслаблена заходнімі санкцыямі, скараціла эканамічную падтрымку рэжыму ў Мінску. Падзеі ва Украіне спрыялі таму, што частка беларускага грамадства, у тым ліку прадстаўнікі апазіцыі, лічаць зараз больш важным захаваць незалежнасць, а за дэмакратыю можна змагацца потым, сказаў Уітмар.

„Масква разглядае Беларусь як гульню з нулявой сумай і гатова пайсці на рызыку, каб захаваць яе ў якасці сатэліта, не выключаючы і магчымасць ваеннага ўмяшання, — сказаў Уітмар. — Але гэта не значыць, што Захад у гэтай сітуацыі бездапаможны. Захад павінен паслаць выразны сігнал Маскве, што суверэнітэт Беларусі з’яўляецца недатыкальным, а агрэсіўныя дзеянні Расіі будуць дорага каштаваць, уключаючы новыя санкцыі і не толькі іх”.

belapan.by