У Хельсінкскай камісіі ЗША пройдуць слуханні па Беларусі



Камісія па пытаннях бяспекі і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкская камісія ЗША) 21 верасня правядзе слуханні на тэму: „У пошуках справядлівасці і свабоды ў Беларусі”.

„Прайшоў больш як год з таго часу, як масавыя пратэсты супраць сфальсіфікаваных выбараў Аляксандра Лукашэнкі ўзрушылі Беларусь, — гаворыцца ў паведамленні на сайце камісіі. — Тым часам Лукашэнка і яго нелегітымны рэжым чапляюцца за ўладу, прымяняючы ўсё больш сур’ёзныя рэпрэсіі супраць прыхільнікаў дэмакратыі і свабоды слова. Сотні палітычных зняволеных пакутуюць у папярэднім зняволенні або былі прыгавораныя да шматгадовых турэмных тэрмінаў падчас закрытых судовых працэсаў. Рэжым фактычна ўвёў крымінальную адказнасць за незалежную журналістыку і мірныя сходы, не існуе незалежнай сістэмы правасуддзя, каб прыцягнуць уладу да адказнасці”.

Адзначаецца, што пакуль рэжым Лукашэнкі канфліктуе з Захадам, арганізоўвае прымусовую пасадку самалёта для затрымання журналіста (гаворка пра пасадку самалёта кампаніі Ryanair і затрыманне блогера Рамана Пратасевіча 23 мая 2021 года. — БелаПАН.), беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская „ад імя сваёй краіны звяртаецца да ўсяго свету, заклікаючы да новых выбараў, вызвалення палітвязняў і [прыцягнення] да адказнасці рэпрэсіўны рэжым”.

Падчас слуханняў запрошаныя эксперты дадуць Хельсінкскай камісіі ЗША інфармацыю пра наяўную сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку пра сітуацыю з незалежнымі СМІ, цяжкае становішча палітвязняў, міжнародна-прававыя наступствы гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама прапановы аб мерах у адказ і варыянтах палітыкі Злучаных Штатаў Амерыкі.

Запланаваныя выступленні медыяэксперта сеткі iSANS Сяргея Харытонава, прадстаўніка Каардынацыйнай рады і сястры палітзняволенай Марыі Калеснікавай Таццяны Хоміч, старшага навуковага супрацоўніка Міжнароднага ўніверсітэта Фларыды Дэвіда Крамера, прадстаўніка офіса Ціханоўскай юрыста Сяргея Зікрацкага.

БелаПАН

Фота: © dw.com